Фільм Улады Сяньковай «II» — беспрэцэдэнтна шчырае беларускае кіно — выходзіць у пракат. Вялікая прэм'ера з удзелам здымачнай групы адбудзецца ў «Маскве» 11 снежня. З 12 снежня фільм «II» можна будзе паглядзець у пяці мінскіх кінатэатрах, а таксама ў гомельскім кінатэатры «Мір». Білеты неўзабаве з’явяцца ў продажы.

16-гадовыя Насця, Саша і Крысціна вучацца разам у дзясятым класе і жывуць звычайным жыццём падлеткаў: урокі, рэпетытары, паходы ў кіно, вечарынкі. У школе пануе суровая дысцыпліна і цяжка быць не такім, як усе. Але аднойчы гэты маленькі свет скалане навіна, пасля якой усе страхі і забабоны вылезуць вонкі.

Галоўныя ролі ў стужцы выканалі маладыя акторы Аліна Юхневіч, Аляксей Вайніловіч і Іларыя Шашко.

Сусветная прэм'ера моладзевай драмы прайшла на Варшаўскім міжнародным кінафестывалі, дзе карціну ўганаравалі Асаблівай згадкай журы за «кінематаграфічны голас з краіны, слаба прадстаўленай на сусветнай сцэне, які ўзрушыў нас сваім смелым, адважным і свежым расказваннем гісторыі, якая звяртаецца да жорсткай рэальнасці сацыяльнай ізаляцыі». Беларуская прэм'ера адбылася ў рамках 26-га ММКФ «Лістапад» у пазаконкурснай секцыі «Спецыяльныя паказы» і стала адной з самых кранальных і запатрабаваных карцін фестывалю.

У мінскім пракаце з 12 па 18 снежня фільм пакажуць у VOKA Cinema by Silver Screen, Silver Screen Galileo, з 12 па 25 снежня — у Falcon Club Буцік Кіно, «Піянеры» і «Ракеце».

Карціна «II» створаная Цэнтрам «АРТ Карпарэйшн» у супрацоўніцтве з ІІТА ЮНЕСКА.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?