01.12.2019 / 17:58

Век Гірша не відаць. Беларускія ВНУ пачалі падлічваць індэкс Гірша для сваіх супрацоўнікаў. Ад вынікаў хочацца плакаць 30

Піша гісторык мастацтва Анатоль Шымшонак у «Arche»

Фота Надзеі Бужан

Жылі сабе мы, вучоныя людзі, пасоўвалі наперад навуку, укладалі спісы сваіх публікацый. І ўсё было добра.

Аж пару год таму нешта стала змяняцца.

З’явіўся нейкі Гірш разам са сваім індэксам.

Індэкс Гірша ранжыруе вас як навукоўца. Ён імкнецца вымераць вашу прадуктыўнасць і ваш уплыў на навуковую галіну, беручы пад увагу цытаванне вашых прац.

Гірш нахабна ўлазіць у ваша асабістае жыццё. Многа ў вас артыкулаў? Нямала… А ці актыўна вас цытуюць? Актыўна. Вось тады вы малайчына.

Індэкс Гірша — гэта нейкая колькасць вашых артыкулаў, якія працытаваны іншымі даследчыкамі не менш, як столькі ж разоў.

Калі, прыкладам, ваш індэкс 2, то гэта азначае, што вы маеце два артыкулы, працытаваныя іншымі аўтарамі — кожны, не менш, як два разы. Калі ваш індэкс 20, то значыць вы маеце 20 публікацый, працытаваных кожная не менш, як 20 разоў. Адпаведна, каб мець індэкс 2, вам трэба мінімум 4 спасылкі на вашы працы. Каб мець індэкс 20, вам трэба мець мінімум 400 цытат на вас.

Старайцеся!

На сайце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта вывешана тлумачэнне, што такое Гірш і як з ім змагацца і як яго трэба павышаць.

Рэкамендуецца часцей рассылаць свае рукапісы па рэдакцыях, арыентавацца на часопісы з высокім імпакт-фактарам, публікавацца ў суаўтарстве з тымі, у каго індэкс высокі і г. д.

На сайце распісана, якім мае быць Гірш для пэўнага звання.

Аказваецца, доктару навук прыстойна мець індэкс ад 7 да 10. Кандыдату — ад 3 да 6.

Значыць, для кандыдата мінімум тры артыкулы павінны быць працытаваны мінімум тры разы кожны.

А калі вы аспірант ці малады даследчык, то можаце не вельмі перажываць, калі ваш індэкс вагаецца паміж нулём і лічбай 2.

Вось жа ніколі не было, а цяпер ёсць!

Беларускія ВНУ трапілі ў лапы гэтай прыдумкі сусветнага капіталізму.

Ва ўніверсітэтах некаторыя выкладчыкі пачынаюць гаварыць пра індэкс Гірша ўпаўголасу і з трывогай, не раўнуючы як бядулеўскія героі пра «енаральну парапіцу». Каб жа гэты Гірш цяміўся!

Пару гадоў таму індэксы выкладчыкаў розных беларускіх ВНУ перасталі быць таямніцай. У выніку аказалася, у нас у галіне гуманітарных навук ёсць дактары навук, чый індэкс Гірша ледзь набліжаецца да лічбы 2 або 3. Некаторыя з гэтых дактароў навук нават узначальвалі экспертныя рады ў ВАКу.

Данядаўна вызначальным у ацэнцы навуковых дасягненняў у нас быў валавы паказчык.

Дваццаць артыкулаў за год — добра, два — мала.

Які быў крытэрый для супастаўлення розных артыкулаў? Ніякога!

Колькасць артыкулаў аднаго і другога аўтара супастаўлялася між сабой гэтак жа, як супастаўляецца колькасць каўбасы: пяцьдзесят грам мала, а паўкілаграмовай палкай сыравэнджанай можна і дзяцей накарміць.

Ведаючы гэта, некаторыя аўтары імкнуліся штучна павялічваць колькасць сваіх публікацый.

Напрыклад, можна было друкаваць мноства кароткіх «тэзісаў» (па-простаму: «пстрычак» або «дрындушак»). Эфектыўна было таксама інтэнсіўна публікавацца ў газетах або друкаваць артыкулы ў энцыклапедыях. Работа гэта няпыльная, адкрываць нічога новага не трэба. Перапісвай сабе даўно адкрытае і перапісанае! А ў спіс вашых публікацый тым часам інтэнсіўна кáпае.

Аднак, каб атрымаць сабе такія віды работ, трэба было быць начальствам, бо ўласна яму ў першую чаргу такія сінекуры прапаноўваліся.

Індэкс Гірша можа зводзіць ні на што такія хітрыкі.

Цытаванне! Вось, аказваецца, што важна. А мы думалі…

Не так важна мець вялікую колькасць артыкулаў, як трэба мець артыкулы, якія цытуюцца. Можна мець 5 артыкулаў, якія працытаваны кожны не менш, як 5 разоў — і ваш індэкс будзе 5.

А можна быць доктарам навук, мець у сто разоў больш артыкулаў, з якіх толькі 3 будуць працытаваны па 3 разы кожны — і ваш індэкс будзе толькі 3.

Гэта мінімум, дазволены Гомельскім універсітэтам для кандыдатаў навук, але не вельмі пажаданы для доктара. О, цытаванне!

Меркавальна, каб вас цытавалі, трэба кваліфікавана пісаць пра актуальнае. Меркавальна, гэта самы надзейны спосаб. Калі не дапамагае, то ёсць рэцэпты.

На сайце Гомельскага ўніверсітэта тлумачыцца, што рэкамендуецца «дамовіцца з калегамі аб узаемным абмене спасылкамі».

Што ні кажы, прынцып «ты — мне, я — табе» яшчэ ніхто не адмяняў.

Можна таксама «павялічыць самацытуемасць (спасылкі на свае артыкулы, надрукаваныя раней)». Значыць: не цытуюць цябе, дык цытуй сябе сам (не будзь жа ты ідыётам)! Шчыра, нічога не скажаш. Калі ўніверсітэцкае кіраўніцтва так адкрыта нам гаворыць, каб мы самацытаваліся, то значыць гэта яму трэба?

Для высакароднай мэты — падвышэння ўніверсітэцкага рэйтынгу. О, цытаванне!

Ва Украіне ўжо палічылі пагалоўе ўсіх сваіх навукоўцаў і склалі рэйтынгі.

Прыдуманы 14 гадоў таму Гірш аказаўся такім чэпкім і бязлітасным, што выстраіў у шэраг не толькі сённяшніх прафесараў і акадэмікаў, але нават і людзей, якія жылі ў ХІХ стагоддзі.

Аказалася, прыкладам, што ў галіне гісторыі найвышэйшы індэкс цытавання мае памерлы ў 1934 годзе гісторык Міхайла Грушэўскі (27). Высокія індэксы маюць таксама «супрацоўнік Нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. П. Драгаманава» Міхайла Драгаманаў (22). З сучаснікаў высокія індэксы ў дырэктара Інстытута гісторыі НАН Украіны Валерыя Смолія (20) і ў іншых. О, цытаванне!

Магчыма, вы хочаце ведаць індэкс цытавання дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслава Даніловіча ці кіраўніка аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандра Кавалені?

У вас не атрымаецца. Такіх звестак пра нашых акадэмічных супрацоўнікаў няма. Але, спадзяюся, яны з’явяцца. Я, праўда, не думаю, што індэксы Даніловіча ці Кавалені будуць нізкія. Пабачым. О, цытаванне!

Калі не сапраўднае, то хаця б дамоўленае, з песнямі і танцамі. Як у гэтым роліку. О, цытаванне!

Добры ці дрэнны індэкс Гірша, але лепшага паказчыка вашай «навукаёмістасці» няма.

NN.by

1
Яктойказаў / Адказаць
01.12.2019 / 18:21
Ну ўсё, навуковыя начальнікі будуць ставіць падначаленым задачы цытаваць іх працы незалежна ад дарэчнасці і актуальнасці - і індэкс Гірша беларускіх навукоўцаў абгоніць стэнфарды і оксфарды!
6
Алег С. / Адказаць
01.12.2019 / 18:35
Цытаванне таксама не абсалютны паказчык, бо наватарскія і карысныя працы могуць не трапляць у працы ніжэйшай якасці, дый сапраўды яго можна накруціць
3
Мірон / Адказаць
01.12.2019 / 18:47
Вой, малайцы, даўно трэба было, толькі мы ж гаворым пра цытаванне, а, значыць, трэба шукаць па сурьёзных базах, хто, раптам, на цябе ў нейкай Нямеччыне, на прыклад, спаслаўся. І тут Scopus, альбо WOS даюць троху розные індэксы. Астатнія спасылкі - гэта не спасылкі, бо можна, вядома, у 'Навінах БДУ' друкавацца і дзесяткамі калег дапісваць. Так што трэба, усё ж, нейкі кансэнсус як ужываць Н-індэкс - сярэднее, ці, там, нейкую узважаную складню са Scipus, WOS, можа, Google.
Паказаць усе каментары/ 30 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру