02.12.2019 / 16:20

Белгідрамет: Снежань чакаецца цяплейшы, чым звычайна

Фота Юліі Міцкевіч

Першы зімовы месяц пачаўся з марозу і снегу. Аднак ужо ў сярэдзіне першай дэкады атмасферныя франты і больш цёплыя паветраныя масы атлантычнага паходжання прынясуць у Беларусь пацяпленне, паведамляе БелТА.

Чакаюцца дождж і мокры снег, прагназуюцца туманы і галалёд. Што датычыцца тэмпературы, ноччу чакаецца слабы мінус, днём - невялікі плюс. У другой палове месяца прагназуецца няўстойлівы характар надвор'я. Перыяды пахаладання будуць змяняцца адлігамі, будуць выпадаць змешаныя ападкі. «У цэлым снежань прагназуецца крыху цяплейшы, чым звычайна. Сярэдняя тэмпература паветра чакаецца на 1 градус вышэй за кліматычную норму. Месячная колькасць ападкаў плануецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў», - расказалі ў Белгідрамеце.

Як правіла, у снежні атмасферныя працэсы, асабліва ў першай палове, захоўваюць рысы пераходнага сезона. Таму нярэдка назіраецца няўстойлівае надвор'е са значнымі ваганнямі тэмпературы паветра. Даволі часта першая «пяцідзёнка» і нават першая дэкада снежня бываюць вельмі цёплымі.

На працягу месяца звычайна адзначаецца 13-20 дзён з адлігай. Пахаладанні найбольш верагодныя ў другой палове снежня.

Кліматычная норма для снежня складае ад мінус 1,3 на паўднёвым захадзе да 4,7 градуса марозу на паўночным усходзе Беларусі. У параўнанні з лістападам тэмпература паніжаецца на 4 градусы.

Цяплей, чым звычайна на 3-5 градусаў быў снежань 1960, 1971, 1974, 1982, 2000, 2004, 2011, 2013, 2015, 2017 гадоў.

Самым цёплым выдаўся снежань 2006 года з сярэдняй тэмпературай паветра па краіне плюс 2,6, што на 5,9 градуса вышэй за кліматычную норму. Халоднае надвор'е (ніжэй за кліматычную норму на 3-6 градусаў) адзначалася ў снежні 1959, 1963, 1969, 1995, 1996, 2001, 2002, 2010 гадоў.

Вельмі халодным (на 6,7 градуса ніжэй за кліматычную норму) выдаўся снежань 1978 года, калі сярэдняя тэмпература паветра па краіне склала 10 градусаў марозу.

Абсалютны тэмпературны мінімум для снежня (38,6 градуса марозу) быў адзначаны на метэастанцыі Езярышчы ў 1978 годзе, а абсалютны максімум (плюс 14,5) - у Брэсце ў 1961 годзе.

Працягласць сонечнага ззяння за месяц складае 24-33 гадзіны.

У снежні тэмпература паветра інтэнсіўна паніжаецца ад першай дэкады да трэцяй. У сярэднім па краіне тэмпература паветра першай дэкады складае 2,4 градуса марозу, прычым яна вагаецца ад мінус 3,9 на паўночным усходзе да мінус 0,4 на паўднёвым захадзе. Другая дэкада халаднейшая за першую ў сярэднім на 1 градус, пры гэтым тэмпература паветра паніжаецца з паўднёвага захаду (мінус 1,4) на паўночны ўсход (мінус 4,8). У трэцюю дэкаду снежня сярэдняя тэмпература паветра па краіне складае мінус 4, што на 0,6 градуса ніжэй за тэмпературу другой дэкады. Халадней за ўсё ў гэты перыяд на паўночным усходзе (мінус 5,3), цяплей за ўсё - на паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці (мінус 2,3).

За снежань у сярэднім па краіне выпадае 35-58 мм ападкаў. Тэрміны ўтварэння ўстойлівага снежнага покрыва ў залежнасці ад характару надвор'я значна вагаюцца з году ў год: на большай частцы Беларусі яно ўстанаўліваецца звычайна ў першай - другой дэкадах снежня, у крайніх паўднёвых раёнах - у трэцяй дэкадзе. Вышыня снежнага покрыва да канца месяца дасягае ў сярэднім 4-10 см. Калі ў снежні пераважае цёплае надвор'е, то снег толькі ў студзені. У снежні звычайна бывае ад 3 да 15 дзён з туманамі і галалёдамі, ад 2 да 5 - з мяцеліцай і ад 18 да 21 - з ападкамі.

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру