Андрэй Жук. Фота Міністэрства абароны Францыі.

Андрэй Жук. Фота Міністэрства абароны Францыі.

2 снежня ў Парыжы прайшла нацыянальная цырымонія развітання ў трынаццаццю вайскоўцамі, якія загінулі тыдзень таму ў Малі. Апошнія ўшанаванні загінулым у часе баявой аперацыі аддалі ў Палацы інвалідаў, піша Rfi.

У сваёй прамове прэзідэнт Эманюэль Макрон падрабязна расказаў пра кожнага з загінуўшых. Сярод трынаццаці герояў Францыі — выхадзец з Беларусі, старшы сяржант Андрэй Жук, які праслужыў 11 гадоў у французскім Замежным легіёне.

Загінулыя — афіцэры, капралы і сяржанты, якія служылі ў 5-м баявым верталётным палку, 4-м выведвальным мотапяхотным палку, 93-м горна-артылерыйскім палку, а таксама ў Замежным легіёне.

«Старшы сяржант Андрэй Жук … Яму было 43 гады. Беларус, адзінаццаць гадоў таму паступіў на службу ў Замежны легіён сапёрам дэсанту, ён прайшоў узорны воінскі шлях да горнастралковага спецназа. Ён некалькі разоў удзельнічаў у аперацыях у рэгіёне Сахеля. 2-і інжынерны полк Замежнага легіёну захавае памяць пра гэтага салдата выключнай адвагі. Памяць пра француза — не па крывi, успадкаванай ад продкаў, а па пралітай ім крыві. Ён быў бацькам чацвярых дзяцей. Ён зрабіў свой выбар — бараніць нашу краіну і нашы каштоўнасці», — сказаў Макрон.

У гэтыя дні ўсё французскія СМІ апублікавалі афіцыйныя біяграфіі вайскоўцаў, якія загінулі ў Малі. Пра Андрэя Жука ў паведамленні Міністэрства абароны Францыі было сказана, што свой першы кантракт на службу ў французскім Замежным легіёне ён падпісаў 30 студзеня 2008 года. Навучанне на базе легіёну ў Кастэльнадары ён завяршыў у ліку выдатнікаў баявой падрыхтоўкі. У чэрвені 2008 года паступіў на службу ў 2-і інжынерны полк, раскватараваны ў Сэн-Крыстале.

Жук неўзабаве стаў інструктарам, а ў лютым 2010 года атрымаў званне капрала. Да унтэр-афіцэрскага статусу даслужыўся ўжо ў 2011 годзе, а апошняе званне старшага сяржанта (sergent-chef) яму было прысвоена 1 студзеня 2018 года.

У 2016 годзе прайшоў жорсткі адбор для службы ў горнастралковых спецыяльных падраздзяленнях. Пасля года спецпадрыхтоўкі, Андрэй Жук паступіў на службу ў элітнае падраздзяленне 27-й горнастралковай брыгады.

Як паведаміла Мінабароны Францыі, Андрэй Жук ўдзельнічаў у трох французскіх вайсковых аперацыях за мяжой. Са снежня 2010 года па красавік 2011 года нёс службу ў Афганістане (аперацыя «Памір»). Двойчы у 2018 годзе быў у шматмесячных камандзіроўках у Малі (аперацыя «Барханы»). За гады службы бываў у кароткіх камандзіроўках у Французскай Гвіяне і на французскай вайсковай базе ў Джыбуці.

Андрэй Жук — кавалер бронзавага крыжа «За вайсковую доблесць» (Croix de la Valeur militaire) і некалькіх медалёў.

Тыдзень таму прэзідэнт Францыі паведаміў, што 25 лістапада ў Малі сутыкнуліся два вайсковыя верталёты. У выніку катастрофы загінулі 13 французскіх вайскоўцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0