Гісторыя з Мінска, апублікаваў «Тутбай». Медсястра Марыя вяртаецца з працы. Ля ўваходу ў метро яна чуе, што там, усярэдзіне, мужчыну становіцца дрэнна. Дзяўчына вельмі хоча дапамагчы. Таму яна хутка купляе жэтон, праходзіць па ім унутр і там ужо дапамагае.
Мяркуючы па фота, Маша — вельмі прыгожая і ў яе наперадзе доўгае і шчаслівае жыццё.
У мяне ж па выніку засталося толькі адно пытанне: для куплі жэтона яна адстаяла чаргу?
Маша, ты — мой кумір. Ты — люстэрка і душа гэтай нацыі. Нацыі, народ якой у ходзе пратэстных акцый пераходзіць дарогу строга на дазвольны сігнал святлафора. Нацыі, дзе медсястра, каб дапамагчы чалавеку, якому раптам стала дрэнна ў метро, трапляе ў гэта метро, толькі купіўшы жэтон, — і добра, калі гэта адбываецца хутка і няма чаргі, а то ж і чаргу трэба адстаяць дысцыплінавана.
У нашага народа ўсё было б вельмі добра, проста выдатна, мы б хутчэй за ўсе постсавецкія рэспублікі сталі членам ЕС, дагналі б Нямеччыну і, можа быць, давалі б у доўг Расіі, калі б добра папрасіла.Таму што парадак і дысцыпліна ў нас настолькі ў крыві, што ніякім немцам за намі не ўгнацца.
Нам у адным не пашанцавала: што нам, такім дысцыплінаваным, Лукашэнка пабудаваў аўтарытарызм і дыктатуру. Эх, Лукашэнка, пабудаваў бы ты нам дэмакратыю, мы б пры дэмакратыі пераходзілі на зялёнае святло, аказвалі дапамогу па жэтонах, не спазняліся б на працу, не давалі хабараў і здзіўлялі б усіх сваёй дысцыплінаванасцю.
А так у нас лёс такі: нам як сказалі, мы так і жывём. Не парушаем і без жэтона за сцяжкі не рвёмся.