Вядомы музыка быў здзіўлены парадкамі ў менскім Палацы Рэспублікі.

1 сакавіка ў менскім Палацы Рэспублікі прайшоў канцэрт найпапулярнейшага расейскага рок-музыкі Гарыка Сукачова і гурту «Неприкасаемые». Нягледзячы на высокі кошт квіткоў (ад 50 да 100 даляраў) не ўсе гледачы змаглі патрапіць у залу. На прыступках канцэртнай залы людзі актыўна пыталіся пра «лішні квіточак».

Канцэрты ў Палацы Рэспублікі адрозніваюцца «акадэмізмам». Мясцовая ахова традыцыйна цвёрда спыняе спробы гледачоў танчыць не толькі перад сцэнай, але і ў праходах, таму першыя некалькі песень расейскіх музыкаў менскія гледачы слухалі як сімфонію Вагнэра, што выклікала крайнюю ступень здзіўлення Сукачова, які адзначыў: «Падобна, што тут сабраліся людзі, якія працуюць выключна стоячы».

Музыка заклікаў гледачоў быць больш непасрэднымі, заявіўшы, што на ягоных канцэртах «можна нават танчыць». Але першых некалькіх «герояў», што паспрабавалі прайсці да сцэны і танчыць у праходах, сурова сустрэла ахова. Тады Гарык запатрабаваў уключыць у зале святло і паспрабаваў запаліць публіку сваімі хітамі «Пра што спявае гітара», «О, Бэла, чао», «Свабоду Анджэле Дэвіс!». Зала паволі стала ажываць, а падчас выканання хіта «Я мілага пазнаю па паходцы» з месцаў ужо ўсталі ўсе гледачы, і пачаўся сапраўдны канцэрт.

Ахова Палаца Рэспублікі не здавалася і цвёрда душыла ўсе спробы гледачоў танчыць каля сцэны, а падчас выканання «падрыўной» песні «Мая бабуля паліць люльку» магутны амапавец у зімовай шапцы і цёплай куртцы спрабаваў вывесці аднаго з гледачоў. І тады Сукачоў спыніў песню і заявіў: «Спыніце «вязаць» народ. Інакш мы іграць не будзем. Не блытайце весялосць з дэманстрацыяй пратэсту, -- звярнуўся ён да аховы Палаца і АМАПа. -- Барыкады тут не пачнуцца».

Зала зараўла ад захаплення, падтрымаўшы музыку. Чалавека адпусцілі, і далей канцэрт ужо праходзіў у нармальным рок-рэжыме. Беларуская публіка была ў стане эйфарыі: Гарык Сукачоў і ягоныя музыкі паказалі не толькі клас, але і што значыць быць проста свабоднымі людзьмі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?