Розніца ў хуткасці старэння жывых істот і працягласці іх жыцця звязаны з даўжынёй цыклу іх размнажэння і іншымі яго асаблівасцямі, а таксама з іншымі рысамі іх эвалюцыйнай прыстасаванасці. Пра гэта паведаміў Браян Кенэдзі, прафесар Нацыянальнага універсітэта Сінгапура, размаўляючы з карэспандэнтам tass.ru.

«Натуральны адбор не закранае працэс старэння наўпрост, але ён моцна ўплывае на яго ўскосным шляхам. Да прыкладу, калі жывёла размнажаецца павольна, то эвалюцыя штурхае яе ў бок набыцця тых рысаў, якія дапамагаюць пражыць дастаткова доўга, каб пакінуць нашчадкаў, і пры гэтым не саступаць канкурэнтам. Па гэтай жа прычыне, даўгалецце не трэба жывёлам, якія размнажаюцца хутка», — растлумачыў Кенэдзі.

Гэтыя адрозненні, абумоўленыя эвалюцыяй, малекулярныя біёлагі плануюць выкарыстоўваць для раскрыцця сакрэтаў даўгажыхарства кітоў, голых землякопаў і іншых доўгажывучых жывёл, што пераўзыходзяць у гэтых адносінах людзей, і іх выкарыстання на карысць чалавецтва. Першыя вопыты такога кшталту робяць на мышах ужо цяпер.

Як адзначае Кенэдзі, ён доўгі час ставіўся да падобных параўнальных даследаванняў скептычна бо яны не дазвалялі падзяліць прычыну і следства. Да прыкладу, навукоўцы не маглі зразумець, ці звязаная «неўміручасць» голых землякопаў са звышвысокай эфектыўнасцю аднаўлення ДНК, або даказаць, што эвалюцыі прыйшлося «вынайсці» гэтыя механізмы з-за анамальна доўгага жыцця гэтых жывёл.

«Нядаўна нашы калегі змаглі вылучыць і праверыць адразу некалькі механізмаў, звязаных з запаволеным старэннем голых землякопаў, кітоў і некаторых іншых жывёл. У іх з'явілася магчымасць «убудаваць» гэтыя наборы генаў у геномы тых відаў, якія жывуць нядоўга, і раскрыць прычынна-выніковую сувязь, пацвердзіўшы, што яны сапраўды ўплываюць на даўгалецце.

Падобныя адкрыцці, да прыкладу, вопыты з варыяцыямі генаў HAS2 і SIRT6, вынятымі з ДНК голых землякопаў, сталі аднымі з самых вялікіх прарываў у нашай навуцы ў апошнія гады», — працягвае Кенэдзі.

На яго думку, падобныя эксперыменты па «трансплантацыі» генаў не толькі дапамогуць высветліць, якую ролю адыгрывала і працягвае адыгрываць старэнне ў гісторыі эвалюцыі жыцця на Зямлі, але і дадуць навукоўцам новыя інструменты для вывучэння таго, як можна рэальна запаволіць старэнне чалавека, абапіраючыся на падобныя прыклады доўгажыхарства сярод іншых відаў сысуноў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0