Рэлігійны фэст у храме Гадхімаі ў непальскай вёсцы Барыяпура (непадалёк ад мяжы з Індыяй) праходзіць раз на пяць гадоў і вядомы як самы крывавы рэлігійны сход у свеце. У 2009 годзе паломнікі абезгаловілі тут каля 500 тысяч буйвалаў, не лічачы іншых жывёл: коз, галубоў, пацукоў, піша bbc.com.

Некалькі гадоў таму абаронцы жывёл і некалькі дабрачынных арганізацый абвясцілі, што ўдалося дамагчыся забароны забойства жывёл на тэрыторыі храма багіні.

Зрэшты, тагачасны кіраўнік храма адразу ўдакладніў: «Мы можам толькі папрасіць прававерных індуістаў не прыносіць жывых ахвяр багіні, але не можам прымусіць іх. Але цалкам спыніць або забараніць традыцыю немагчыма».

Вярхоўны суд Непала таксама выступіў з заклікам спыніць крывавы рытуал, а ўлады суседняй Індыі, адкуль на «свята» едзе больш за мільён паломнікаў, сёлета паставілі на дарогах пасты, дзе паліцэйскія адбіралі ў гандляроў быдла, якое яны везлі праз мяжу.

Аднак у гэты чацвер з самае раніцы абрад пачаўся як звычайна — з рытуальнага абезгалоўлівання голуба, пацука, казла, свінні і курыцы.

Але галоўныя ахвяры — буйвалы. У велізарным загоне побач з храмам каля 200 мужчын забіваюць буйвалаў ўдарамі кукры — непальскіх нажоў, якія нагадваюць мачэтэ.

І зноў колькасць забітых жывёл перавысіла сто тысяч.

На фестываль з'язджаюцца цэлымі сем'ямі, часам дарога займае некалькі дзён.

Мужчыны з азартам ажыццяўляюць гэтыя ахвярапрынашэнні, не маючы ніякага ўяўлення аб гуманным забоі жывёлы, кажуць праціўнікі свята. Не ўсім удаецца адсекчы галаву буйвала з аднаго ўдару, і часам працэдура зацягваецца.

Аднак паломнікі вераць у сілу багіні Гадхімаі і ў тое, што ахвярапрынашэнне ёй дапаможа спраўдзіцца жаданням. На фестываль кожныя пяць гадоў з'язджаюцца да двух мільёнаў чалавек. У забойстве буйвалаў і іншых жывёл удзельнічаюць толькі абраныя. Астатнія з задавальненнем назіраюць.

Жрэц багіні Гадхімаі ў дзясятым калене Мангал Чаўдхары адмовіўся каментаваць сваё стаўленне да масавага забойства жывых істот, але адзначыў, што з кожным разам на фестываль прыязджае ўсё больш людзей.

«Мы будзем трымацца традыцый і здзяйсняць цырымоніі ўсярэдзіне храма. А што ўжо вернікі робяць за межамі храма — гэта іх уласная справа», — сказаў Чаўдхары журналістам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0