У японскім Інавашыра ўчора пачаўся чэмпіянат свету па фрыстайле. Сёння ж стартавалі спаборніцтвы лыжных акрабатаў, дзе былі спадзевы ў беларусаў на медалі.

З беларусаў кваліфікацыю пераадолеў толькі Антон Кушнір, адзіны з беларусаў, хто заўтра выступіць у фінале.

У кваліфікацыйных спаборніцтвах з сумай 247,24 бала ён заняў 2‑е месца, саступіўшы толькі 0,69 бала канадцу Уорэну Шолдайсу.

Лідэр сезона і ўладальнік «Крышталёвага глобуса» Стыў Омішль (Канада) паказаў трэці вынік — 245,75 бала.

Прызёры Алімпійскіх гульняў Дзмітры Дашчынскі і Аляксей Грышын, а таксама Цімафей Слівец не трапілі ў лік 12 наймацнейшых і згубілі ўсе шанцы пазмагацца за медалі чэмпіянату.

Слівец наогул спыніўся ў кроку ад запаветнага тузіну, заняўшы 13‑е месца. Аляксей Грышын — 16‑ты, Дашчынскі - 22‑гі з 32 спартоўцаў. Яму не ўдалася ніводная са спробаў. Слівец і Грышын завалілі па адной спробе.

Не прабілася ў фінал і 16‑гадовая Ганна Гуськова, якая ўпершыню дэбютавала на такім ўзроўні. Яна ў кваліфікацыі заняла 14‑е месца і ад 12‑га месца яе аддзялілі 1,56 бала.

Асоль Слівец і Алла Цупер у чэмпіянаце свету ўдзелу не бяруць праз траўмы і стан здароўя.

Перад чэмпіянатам галоўны трэнер беларускай зборнай Мікалай Казека ацэньваў стан мужчынскай зборнай як аптымальны, казаўшы, што кожнаму з хлопцаў па сілах змагацца за месца на п’едэстале.

Менавіта на Алімпійскіх гульнях у 1998, 2002, 2006 г. беларусы бралі па медалі ў фрыстайле, а для Солт‑Лейк‑Сіці і Турыну (гэта былі адзіныя беларускія ўзнагароды на гульнях). У 2002 г. Грышын заваяваў бронзу, у 2006 г. у Турыне-2006 Дашчынскі заваяваў срэбра, ён жа заваяваў бронзу ў Нагана‑1998.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?