05.12.2019 / 20:13

Навукоўцы расказалі, як драпежныя дыназаўры рабіліся вегетарыянцамі 3

Палеантолагі вывучылі чарапы больш як 160 відаў дыназаўраў і высветлілі, што розныя групы гэтых старажытных яшчараў некалькі разоў пераходзілі на цалкам раслінную ежу і мяняліся пры гэтым падобнымі шляхамі. Гэта ў чарговы раз пацвердзіла тэорыю эвалюцыі, пішуць брытанскія і амерыканскія даследчыкі ў часопісе Current Biology, адзначае tass.ru.

«Эвалюцыя надзяліла многіх траваедных дыназаўраў падобнымі рысамі, нягледзячы на ​​іх прыналежнасць да самых розных груп. Да прыкладу, невялікія стравусападобныя арнітамімазаўры і гіганцкія чацвераногія тытаназаўры мелі падобны выцягнуты чэрап і малую сілу ўкусу, тады як рагатыя цератапсіды і арнітаподы, газэлі мезазоя, абзавяліся моцнымі сківіцамі і зубамі», - тлумачыць Дэвід Батан, палеантолаг з Музея натуральнай гісторыі Лондана, чые словы прыводзіць прэс-служба часопіса.

Да нядаўняга часу палеантолагі лічылі, што дыназаўры набылі гіганцкія памеры і занялі ўсе экалагічныя нішы мезазоя толькі ў сярэдзіне юрскага перыяду, каля 170 млн гадоў таму. У трыясавым перыядзе яны былі адносна невялікімі, саступаючы гіганцкім двухногім кракадзілам і апошнім звераяшчарам Зямлі, і сілкаваліся казуркамі або аднастайнай змяшанай дыетай.

Навукоўцы дастаткова доўга спрачаюцца пра тое, ці так гэта было на самой справе, бо пакуль у іх няма адназначнага разумення, што перашкаджала павелічэнню памераў дыназаўраў і іх пашырэнню па іншых экалагічных нішах. Некаторыя даследчыкі лічаць, што прычынай быў нестабільны клімат эпохі, які не спрыяў хуткаму росту лясоў нават у экватарыяльных шыротах планеты.

Адкрыццё парэшткаў нечакана старажытных заўраподаў, траваедных чатырохногіх гігантаў, якія дасягнулі вялікіх памераў яшчэ да пачатку юрскага перыяду, пахіснула падобныя ўяўленні. Пазней палеантолагі знайшлі намёкі і на тое, што драпежныя яшчары з'явіліся значна раней, чым было прынята лічыць.

Падобныя меркаванні, як адзначаюць Батан і яго калегі, прымусілі іх правесці маштабны «перапіс» анатамічных рысаў чарапоў звыш 160 відаў дыназаўраў у надзеі зразумець, як і калі яны сталі драпежнікамі, траваеднымі ці ж змянілі харчовую спецыялізацыю на процілеглую.

Адзін з самых мудрагелістых прыкладаў гэтага заключаецца ў тым, як драпежныя продкі так званых тэрызіназаўраў, своеасаблівых «ляніўцаў» крэйдавага перыяду, перайшлі на цалкам раслінную дыету і адгадавалі гіганцкія кіпцюры, прызначаныя для здабычы расліннасці, а не мяса.

Брытанскія і амерыканскія палеантолагі раскрылі некалькі іншых нечаканасцяў і дзівосаў, звязаных са з'яўленнем і распаўсюдам «вегетарыянства» сярод старажытных яшчараў. У прыватнасці, аказалася, што ўсіх траваедных дыназаўраў, у тым ліку і былых драпежнікаў накшталт тэрызіназаўраў і іх родзічаў, можна падзяліць на дзве вялікіх групы паводле ўладкавання іх жавальнага апарата і таму, як яны яго набылі, нягледзячы на ​​розны час іх з'яўлення і велізарныя анатамічныя адрозненні ва ўсіх іншых частках цела.

Гэта, як адзначае Батан, кажа пра тое, што дыназаўры некалькі разоў «вучыліся» ёсць раслінную ежу і што розныя групы старажытных яшчараў рабілі гэта незалежна адзін ад аднаго. І тое, і іншае значна ўскладняе карціну іх развіцця і не дазваляе лічыць дыназаўраў «тупіковай галіной»,

а таксама пацвярджае, што адзін з асноўных эвалюцыйных працэсаў, канвергенцыя, працаваў сярод дыназаўраў гэтак жа, як і сярод сучасных жывёл.

NN.by

2
Матёрый / Адказаць
05.12.2019 / 20:28
Британские, Американские, Немецкие учёные доказали. Чем занимаются белоруские учёные?! Ведь мы, налогоплательщики их содержим.
0
Бел / Адказаць
05.12.2019 / 20:31
Бизнесмен Зайцев на чествовании брестского «Динамо» выступил на белорусском языке: «За тры с паловай гады Брэст стаў футбольнай сталіцай краіны»
0
Жвір / Адказаць
05.12.2019 / 22:41
Бел, ну, Брэст покі далёка не дыназаўр сярод чэмпіёнаў,..хаця ўжо й не казурка. 
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру