У Брэсце прэзентавалі новы сацыяльны праект «Падтрымка жанчын у фермерстве, агратурызме і рамесніцтве». Праект рэалізуе БГА «Адпачынак у вёсцы» у супрацоўніцтве з Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам і пры фінансавай падтрымцы дабрачыннага фонду The Coca-Cola Foundation.

Ініцыятыва накіравана на падтрымку жанчын Брэсцкай вобласці, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. У рамках праекта будуць арганізаваны навучальныя семінары, трэнінгі і вебінары для не менш як 500 жыхарак, у першую чаргу, для прыёмных і шматдзетных мам, жанчын, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівымі патрэбамі, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку і іншых слабых катэгорыяў жанчын, якія жадаюць ператварыць сваю дапаможную гаспадарку, прысядзібны ўчастак, хобі ў крыніцу дадатковага даходу. Удзельніцы праекту бясплатна атрымаюць веды, якія дапамогуць ім пачаць сваю справу ў сферы агратурызму, рамесніцтва або фермерскай гаспадаркі.

Пасля заканчэння навучальных мерапрыемстваў для 50 удзельніц з найлепшымі бізнэс-планамі будзе набыта неабходнае абсталяванне і расходныя матэрыялы. На пачатковым этапе станаўлення сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці яны таксама атрымаюць дапамогу ад экспертаў.

«Праект накіраваны на пашырэнне эканамічных магчымасцяў жанчын у цяжкай фінансавай сітуацыі, іх навучанне новым прафесiям, а таксама павелічэнне даходу гэтых сем'яў, — распавядае Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы». — Мы спадзяемся, што ён прынясе практычную карысць для жанчын Брэсцкай вобласці і дасць магчымасць выкарыстання яго вынікаў і напрацовак у будучыні».

Праект стартаваў у кастрычніку 2019 года і будзе доўжыцца да красавіка 2021-га. Фінансаванне ажыццяўляе дабрачынны фонд The ​​Coca-Cola Foundation. На яго рэалізацыю выдзелена 95 тысяч даляраў ЗША.

«Гэта ўжо не першы ўклад фонду ў развіццё жаночага бізнэсу на тэрыторыі Беларусі. Нядаўна пры яго падтрымцы быў рэалізаваны праект для жыхарак Аршанскага раёна, падчас якога больш за 600 жанчын прайшлі навучанне па вырошчванні, перапрацоўцы і продажы агракультуры. Ён паказаў добрыя вынікі, і цяпер мы распаўсюджваем атрыманы досвед на іншыя рэгіёны», — падкрэсліла намеснік гендырэктара па сувязях з грамадскасцю ўнітарнага прадпрыемства «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь» Марына Бароўка.

Праекты ў Аршанскім раёне і на Брэстчыне фінансуюцца Coca-Cola ў рамках глабальнай праграмы «5by20», якая ставіць сабе задачу зрабіць паспяховымі 5 млн жанчын ва ўсім свеце да канца 2020 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0