07.12.2019 / 11:39

У цэнтры Мінска адбыліся масавыя акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй ФОТА, ВІДЭА, АНЛАЙН 59

абнаўляецца

16.34

Павал Севярынец падзякаваў усім удзельнікам сённяшняй акцыі і заклікаў працягнуць яе ў наступныя дні.

16.27

Пачаўся мітынг ля ўзножжа помніка Коласу. Моладзь зладжана спявае «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Магутны Божа».

16.19

Калона падыходзіць да плошчы Якуба Коласа. Звучіт лозунг «Не — аншлюсу!»

15.53

Севярынец заклікаў людзей аддаць даніну памяці яшчэ аднаму нацыянальнаму паэту — Якубу Коласу. Шэсце рушыла праспектам да яго помніка. Аўтамабілісты масава вітаюць удзельнікаў шэсця сігналамі. З аднаго аўто паказаўся бел-чырвона-белы сцяжок.

Скрыншот з відэа радыё «Свабода». 

15.47

Каля трохсот чалавек стаяць у Купалаўскім скверы перад помнікам Янку Купалу. Мікрафоны арганізатараў не вытрымалі напругі. Прамоўцы кажуць у мегафон. Чытаюць вершы Янкі Купалы. Пачалі з «Будзь смелым!» і «Спадчыны». Верш Купалы можа прачытаць кожны ахвотны.

15.33

Севярынец заклікаў удзельнікаў мітынгу прайсці да помніка Янку Купалу.

15.28

Актывіст Андрэй Шарэнда з Берасця заклікаў рэгіёны далучацца да пратэсту: «Баста Лукашэнку! Баста Пуціну! Баста інтэграцыі!»

15.27

Адзін з галоўных лозунгаў сённяшняй акцыі — «Далучайся!»

15.24

Выступае Вячаслаў Сіўчык: «Магчыма, гэтыя дарожныя карты абернуцца для Беларусі мільёнамі жыццяў. Бо Расія — гэта вайна».

15.19

Выступіў дыпламат і перакладчык Пётра Садоўскі. Ён заспяваў песню на Купалаў верш «А ў бары, бары…»:

Выбіраў жаўнер
Трэццю сьцежаньку!
Гэй, гэй, гэй, трэцьцю сьцежаньку!
Бо вяла яна
Ў родну межаньку.
Гэй, гэй, гэй, ў родну межаньку!

15.12

Севярынец заклікаў усіх удзельнікаў акцыі, якія са змярканнем вернуцца дахаты, посціць у сацыяльных сетках інфармацыю пра акцыю і пра тое, што пратэст працягнецца ў наступныя дні.

15.08

Удзельнікі акцыі бесперашкодна размяшчаюцца на прыступках Палаца Рэспублікі. Сілавікоў у цывільным, якія назіраюць за акцыяй, засталося нямнога. Яны не перашкаджаюць людзям.

15.00

Шэсце рушыла на Кастрычніцкую плошчу. Колькасць удзельнікаў акцыі ў дадзены момант складае некалькі соцень чалавек.

14.56

Пасля выступу Сержука Высоцкага і Ніны Багінскай быў абвешчаны свабодны мікрафон. Падышоў турыст Сяргей з Казані, пра якога мы згадвалі раней. Ён выказаў меркаванне, што інтэграцыя «не трэба беларускаму народу».

Севярынец абвясціў, што з плошчы Свабоды шэсце вернецца на Кастрычніцкую плошчу.

14.43

Шэсце спынілася каля ратушы, чакаючы на рэшту людзей. Севярынец пачынае мітынг на прыступках ратушы.

14.40

Удзельнікі акцыі групамі на зялёнае святло пераходзяць праспект Пераможцаў да плошчы Свабоды.

14.30

У адказ на заўвагу супрацоўніка ДАІ ў мегафон людзі пачынаюць патрабаваць, каб ён гаварыў па-беларуску. Скандуюць гэта ўсе разам.

Гукаюць таксама «Незалежнасць!» і «Далучайся!»

14.26

Шэсце ідзе па вузкіх вуліцах старога Мінска, вельмі моцна расцягнуўшыся. На праезную частку больш не выходзяць. Галава калоны знаходзіцца на вуліцы Інтэрнацыянальнай.

14.15

Пасля спрэчкі арганізатараў людзі вярнуліся на ходнікі.

14.14

На вуліцы Валадарскага калона выйшла на праезную частку і перакрыла рух.

14.06

Пасля кароткага мітынгу Павел Севярынец заклікаў прайсці вуліцамі старога горада да плошчы Свабоды. 

13.54

Людзі групуюцца каля Чырвонага касцёла. Там пачынаецца мітынг. Севярынец заклікае памаліцца за незалежнасць і за «збаўленне Беларусі ад лукавага».

13.43

Галава калоны падыходзіць да плошчы Незалежнасці.

13.40

Павал Севярынец так ацаніў колькасць удзельнікаў акцыі ў эфіры радыё «Свабода»: «Тут некалькі разоў па трыста спартанцаў».

13.36

З'явіўся правакатар, крычаў «Россія вперед!» Людзі здалі яго міліцыі. Яго пагрузілі ў сіні бус. 

13.35

З сабой удзельнікі нясуць гукаўзмацняльную апаратуру. з яе гучаць беларускія патрыятычныя песні.

13.30

Галава калоны спынілася на пляцоўцы каля КДБ, чакаючы рэшту людзей. Гукаюць «Жыве Беларусь!»

13.30

Калона спыняецца на скрыжаваннях, чакаючы зялёнага святла. Каля будынка КДБ стаяць людзі ў цывільным.

13.21

Галава калона рушыла ў падземны пераход пад вуліцай Леніна.

13.18

Людзі на выхадзе з метро, у «Цэнтральным» здымаюць шэсце на мабільнікі. 

13.16

Шэсце рушыла па ходніках, яго суправаджаюць людзі ў цывільным. Удзельнікі запалілі дымавую шашку. Скандуюць «Моладзь за Беларусь!»

Падчас мітынгу парвалі партрэт Пуціна. Кавалкі акуратна падабралі, каб не смеціць.

13.14

Калона фармуецца. наперадзе — вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

13.12

Севярынец заклікаў прайсці шэсцем па праспекце да плошчы Незалежнасці

13.04

Севярынец паўтарыў словы пра тое, што акцыя працягнецца да цемры і заклікаў штодня працягваць пратэст.

13.00

Актывістка Ганна Кавалькова звярнулася да міліцыянтаў:

«Вы павінны быць з народам, з падаткаў якога вам плацяць заробкі. Вы павінны быць з народам».

«Я хачу каб беларуская мова гучала ў садках, школах і ўніверсітэтах. Каб у нас была мяжа з Расіяй», — сказала Кавалькова.

12.51

Сярод удзельнікаў акцыі апынуўся турыст Сяргей з Казані у шаліку з расійскім імперскім сцягам. Ён сказаў, што патрабаванні беларусаў падтрымлівае, а шалік такі носіць, бо продкаў раскулачылі, і ён супраць бальшавікоў.

12.48 

Эмацыйна выступае Уладзімір Някляеў: «Гэту краіну вякамі малацілі цапамі, але яна жывая! І гэтай краінай нельга гандляваць!»

12.44

Выступае пісьменнік Уладзімір Арлоў. «На свеце больш за 3000 нацый і народнасцяў, але толькі 200 здолелі здабыць незалежнасць. Гэта наша найвялікшая каштоўнасць»

Бізнесмен Зміцер Дайнека з дачкой Вікторыяй: «Хочам і будзем жыць толькі ў незалежнай Беларусі».

12.41

Сустаршыня руху «Разам» Алена Талстая заклікала ўсіх, хто глядзіць стрымы, «сюды, на Плошчы Каліноўскага». 

12.34

На плошчы каля тысячы чалавек. Скандуюць «Лукашэнка павінен сыйсці!»

12.30

Севярынец: «Сёння мы стаім тут да цемры і магчыма прагуляемся па горадзе».

12.28

Севярынец: «Сотні тысячы нашых землякоў гінулі за незалежнасць. І абавязак нашага пакалення гэту незалежнасць абараніць!»

12.26

На прыступках Палаца Рэспублікі — зноў сутычка. Людзі скандуюць «Незалежнасць!» 

Лідары на прыступках пачынаюць мітынг.

Выступае Яўген Афнагель: «Жыве Беларусь без Лукашэнкі!»

12.24

Людзі ў цывільным стрымгалоў бягуць да Палаца прафсаюзаў, займаюць абарону там. Людзі ўлюлюкаюць, смяюцца — і бягуць назад да Палаца Рэспублікі.

12.23

Дыялог між міліцыянтам і дэманстрантам:

— Што вы робіце?

— Ідзіце дадому.

— У нас краіну крадуць, а ты мне дадому?

12.22

Севярынец заклікаў перайсці да Палаца прафсаюзаў.

12.21

Некаторыя «цывільныя» хаваюць твары ў шалікі.

12.20

Чалавек у цывільным спрабаваў забраць у маладзёна сцяг. Людзі сцяг адбілі. Скандуюць «Фашысты!»

12.19

Міліцыянты тлумачаць просьбу сысці з прыступак пытаннямі бяспекі. Натоўп скандуе «Жыве Беларусь!»

12.17

У міліцэйскай рацыі чуваць: «Максімальна культурна працаваць».

Пачалася патасоўка. Максім Вінярскі з «Еўрапейскай Беларусі» ўпаў з прыступак і падняўся. Пратэстоўцы крычаць «Ганьба».

12.16

Удзельнікі акцыі спрабуюць узняцца на прыступкі Палаца Рэспублікі. Сілавікі ў цывільным адціскаюць людзей уніз. 

12.13

Удзельнікі акцыі адыходзяць ад праспекту да Палаца Рэспублікі.

Паэтка Наталка Харытанюк.

12.10

Сярод удзельнікаў акцыі багата новых маладых твараў.

12.05

На Кастрычніцкай каля 300 чалавек. Яшчэ каля ста чалавек стаяць ланцугом з другога боку Міліцыя адводзіць людзей ад праезнай часткі. Міліцыянт з мегафонам ходзіць у атачэнні трох «цывільных». Яны адштурхоўваюць усіх, хто імкнецца нешта сказаць міліцыянту. 

Бабулька сварыцца на міліцыю: «Гэта вашы дзеянні незаконны, а нашы патрабаванні законны. Што гэта такое, маім бацькам пры Гітлеры не давалі з хаты выходзіць, а мне пры сваім Лукашэнку не даюць?»

12.02

Дзясяткі людзей прыйшлі з нацыянальнымі сцягамі.

12.00

У натоўпе на Кастрычніцкай заўважаныя палітыкі — Павел Севярынец, Алесь Лагвінец, Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў.

11.55

На Кастрычніцкай плошчы пад сотню чалавек, але народ актыўна падцягваецца, перадае карэспандэнт НН. Разгарнулі сцягі БХД, БНФ. Плакаты «Прадавай свае кавуны», Ніякай інтэграцыі».

11.47

Людзі разыходзяцца: ланцуг планаваўся цягам 15 хвілін — ад 11.30 да 11.45. У акцыі агулам узялі ўдзел некалькі соцень чалавек. Людзі прыйшлі з сцягамі, некаторыя прыйшлі сем'ямі. Аўто на праспекце сігналілі, падтрымліваючы ўдзельнікаў ланцуга. 

11.46

Да ўдзельнікаў ланцуга падышоў міліцыянт з мегафонам і па-беларуску папрасіў разыйсціся.

11.35.

У раёне Кастрычніцкай плошчы — некалькі дзясяткаў, паведамляе карэспандэнт НН. Удзельнікі бяруцца за рукі. Каля цырка — каля 80 чалавек.

Аб 11.30 на праспекце Незалежнасці ў Мінску пачалі збірацца людзі на «жывы ланцуг». Каля паштамта — 100 чалавек, піша tut.by.

Напярэдадні ў сацыяльных сетках масава пашыраліся прапановы ў дзень сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы выказаць сваю нязгоду з магчымай «інтэграцыяй» з Расіяй.

Розныя ініцыятывы выступілі з рознымі ідэямі.

«Калі пратэсту не будзе, таварыш Пяскоў зможа спакойна паўтарыць словы здрадніка Анквіча на Нямым сойме ў Гародні 1793-га: «Молчаніе есть знак согласія», — напісаў лідар хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец.

«Наша мэта — давесці, што беларусы не прымаюць таемных дамоўленасцяў паміж уладамі Беларусі і Расіі, і не згодныя на тое, каб лёс краіны вырашаўся без іх удзелу!», — удакладняе заснавальнік «Белага Легіёна» Сяргей Чыслаў.

NN.by; фота Надзеі Бужан

270
Вован number one / Адказаць
07.12.2019 / 11:54
Ребятушки, вы сами все и всем доказали. Вас не миллионы, не десятки тысяч. Вас 80 человек.
289
Serg / Адказаць
07.12.2019 / 12:04
Интеграции быть. И этого хочет народ! Мы хотим ростить бульбу и продавать её везде свободно
104
Shandor / Адказаць
07.12.2019 / 12:10
Хм... Гэта нам не Каталония (
Паказаць усе каментары/ 59 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру