Некаторыя пункты гэтай брашуры выклікалі ў інтэрнаўтаў змяшаныя пачуцці.

Напрыклад, пункт пра тое, што будучы муж будзе абражаць сваю жонку, гаварыць, што яна дрэнная гаспадыня, але ў адсутнасці цнатлівасці абвінаваціць не зможа. «Гэта ўжо штосьці!» — чытаем у брашуры.

«Наша Ніна» папрасіла аўтарку брашуры Вераніку Сярдзюк, старшыню грамадскай арганізацыі «Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля», расказваць пра свой тэкст.

Вераніка Сярдзюк.

Вераніка Сярдзюк.

«Асноўны напрамак дзейнасці нашай арганізацыі — гэта прадухіленне абортаў, захаванне сям’і. Я лічу, што мы ўжо 8 год, а менавіта столькі існуе наш цэнтр, робім вялікую справу — ратуем дзяцей, якія яшчэ не нарадзіліся. І ў межах гэтай ідэі мы працуем з падлеткамі, бо калі жанчына ўжо трапляе ў абартарый, гутарыць з ёй позна. Таму мы праводзім асветніцкія мерапрыемствы і з дзяўчынкамі, якім толькі споўнілася 14 гадоў. І вось гэтая брашура менавіта для падлеткаў», — расказвае Вераніка Сярдзюк.

Зараз, прызнаецца Вераніка, брашуру гэту цэнтр ужо не распаўсюджвае.

«Не, не таму што я змяніла нейкія свае погляды, а проста з’яўляюцца новыя тэмы, па-іншаму падаецца матэрыял. Напрыклад, наш новы буклет называецца «Цнота». Ён на беларускай мове і цалкам складзены з фальклорнага матэрыялу, у якім падкрэсліваюцца сямейныя каштоўнасці».

«Я — жонка праваслаўнага святара. І я нават не магу ўявіць, што буду штосьці казаць супраць цнатлівасці. Хоць я і культуролаг, і старшыня грамадскага аб’яднання, але ўсё адно мяне ўспрымаюць як голас царквы», — прызнаецца Вераніка.

Сярдзюк прыгадвае, што перад тым, як надрукаваць буклет, арганізацыя правяла апытанне сярод падлеткаў 14-16 гадоў пра тое, ці гаварылі з імі бацькі пра першы сэксуальны досвед.

«У 15% выпадкаў бацькі гаварылі з дзецьмі на гэтую тэму, нават далі дзецям кантрацэптывы. У 10% выпадкаў бацькі тлумачылі дзецям, што нельга займацца сэксам да шлюбу, у 75% бацькі наогул не гаварылі з дзецьмі на гэтую далікатную тэму. Таму мы і вырашылі, што пры дапамозе сваёй брашуры раскажам падлеткам пра тое, як важна захоўваць цнатлівасць».

«Брашура не забараняе, яна прымушае задумацца, а ці варта яно таго. І адмова ад палавога жыцця ў падлеткаў — гэта 100% гарантыя захавання здароўя», — лічыць Вераніка Сярдзюк.

А наконт пытання, чаму брашурка адрасаваная толькі дзяўчынкам, Вераніка патлумачыла:

«Прымаюць рашэнне аб уступленні ў блізкія адносіны ў асноўным жанчыны. І наступствы блізкасці ў большай ступені тычацца жанчын — мужчына ж не зацяжарыць».

«Наша арганізацыя за тое, каб людзі ўступалі ў інтымныя адносіны толькі тады, калі змогуць несці за гэта поўную адказнасць. Да таго ж дзяўчынкі часцей траўмуюцца падчас інтымнай блізкасці, чым хлопчыкі. Хлопчыкі траўмуюцца падчас гомасэксуальнага палавога акту. Я не буду ўдавацца ў медыцынскія падрабязнасці, але так яно і ёсць. Таму задача нашай арганізацыі — інфармаваць і бацькоў у тым ліку, каб гутарылі са сваімі дзецьмі і на гэтыя тэмы», — расказвае Вераніка Сярдзюк.

На цяперашні момант у арганізацыі працуюць толькі з дзяўчынкамі.

«Хоць ўсё больш бацькоў просяць праводзіць заняткі па палавым выхаванні і для хлопчыкаў. Хаця з нашага досведу працы магу сказаць, што хлопчыкі больш цнатлівыя. Дзяўчынка, якая пачынае палавое жыццё ў падлеткавым узросце, робіць гэта не таму, што патрабуе цела, а таму, што блізкасці патрабуе душа. Такіх дзяўчынак не далюбілі дома, не дапесцілі, не дацалавалі, таму яны шукаюць усё гэта ў чужых мужчын», — перакананая Вераніка Сярдзюк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?