27.12.2019 / 14:56

«Рагна» прапануе: калядны каляндар «Зімовыя святкі»

Каляды (Крывыя ці Святыя вечары, Святкі) — святочны перыяд, прымеркаваны да дня зімовага сонцастаяння. Яно здаўна сімвалізавала абнаўленне свету. Менавіта таму ў час Святак адзначаецца Новы год.

Пакінуць перадзамову са зніжкай можна на сайце крамы «Рагна».

Каляндар пакрывае ўвесь святочны перыяд і пазначае найбольш значныя кропкі гэтага часу.

Гэта адаптацыя папулярнай у Еўропе ідэі адвент-календара.

Каляды — любімае і чаканае народнае свята, да якога многія пачынаюць рыхтавацца загадзя: прыбіраць і аздабляць хату, выбіраць падарункі родным і сябрам.

Звычай дарыць адзін аднаму падарункі паходзіць ад дароў, якімі надзяляюць калядоўшчыкаў.

Яны ўвасабляюць гасцей з іншага свету, якія ў Святыя вечары вандруюць па зямлі, нясуць людзям ад Бога долю і яе размяркоўваюць. І адорванне калядоўшчыкаў — неабходная ўмова атрымання ад іх сваёй долі.

Якія ж дні снежня і студзеня, звязаныя са Святкамі, пазначаны ў календары?

21 снежня — самы кароткі дзень і самая працяглая ноч у годзе, што пазначана сімвалам сонца, якое апусцілася пад зямлю;

22 снежня — пасля дня сонцастаяння сонца пачынае «расці», а працягласць дня павялічвацца, пра што сведчыць знак узыходзячага сонца;

25 снежня — увечары 24 снежня пачынаецца святкаванне Першай Каляды, альбо Першай (Беднай) Куцці. У народнай традыцыі яно звязваецца са з’яўленнем на небе першай зоркі, сімвал якой пазначаны на календары. Паводле аднаго з запісаў, гэтая зорка звалася Каза (народная назва зоркі Capella ў сузор’і Вознік). Гэтая зорка — самая высокая і вельмі яркая на калядным небе;

31 снежня — вечар гэтага дня вядомы як Другая Каляда альбо Куцця. А таксама гэты святочны вечар вядомы пад назвай Шчадрэц. Менавіта гэтая дата сёння святкуецца як Новы год, сімвалам якога стала ялінка — адна з праяваў вобраза Сусветнага Дрэва, якое злучае ўвесь Сусвет;

7 студзеня — увечары 6 студзеня пачынае адзначацца апошні дзень зімовых Святак — Трэцяя Каляда, альбо Галодная (Водная) Куцця. У апошні калядны дзень у пэўных рэгіёнах было прынята маляваць на будынках выяву каня. Ён сімвалізуе Каляду, што ад’язджае на белым кані. Гэта пазначае заканчэнне святочнага перыяда і спадзяванне сустрэць свята і адзначыць у наступным годзе.

Каляндар аздоблены выявамі некаторых персанажаў каляднага гурта. Каза — найбольш папулярны калядны вобраз, які сімвалізуе смерць і адраджэнне прыроды, адпавядае вобразу боства, якое нараджаецца і памірае.

Вобраз мядзведзя ў калядным гурце звязаны з ідэямі здароўя, сілы, плоднасці і багацця. У пэўнай ступені яго можна разглядаць і як дух дзікай прыроды, з якім трэба дамовіцца, каб жыць у ладзе на наступны год.

Воўк сярод калядоўшчыкаў уяўляецца ахоўнікам ад ліха і ўсяго нядобрага, а на Каляды беларусы назіралі за ўзыходам Венеры, якую называлі Воўча звязда.

Прадаецца каляндар у камплекце з 20 малочнымі шакаладачкамі, аздобленымі каляднымі выявамі.

Але не спыняйцеся на гэтым! Вы можаце напоўніць яго любымі рэчамі, якія пасуюць атрымальніку. Гэта могуць быць калядныя смакоты, елачныя цацкі, касметыка і іншая прыемная драбяза. Уключайце фантазію і паехалі радаваць блізкіх!

Каляндар шматразовы — яго можна выкарыстоўваць штогод! 

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру