Фота vesti.rs

Фота vesti.rs

Цукровы кароль Міядраг Косціч хоча распаўсюдзіць свой бізнэс на Беларусь.

Выданне Press online піша, што на курорт беларускі кіраўнік прыбыў па асабістым запрашэнні ўладальніка гатэля «Гранд» бізнэсоўца Міядрага Косціча.

Менавіта ў гэтым гатэлі спыніўся Лукашэнка і ягоная шматлікая світа і сямейнікі.

Рэпутацыя ў «цукровага караля» Міядрага Косціча, які валодае аграрнай кампаніяй «MK grupa», неадназначная. Яго падазраюць у не зусім карэктных, а часта і незаконных метадах вядзення бізнэсу.

У чэрвені 2004 года ён нават быў арыштаваны ўладамі на той момант адзінай Сербіі і Чарнагорыі па абвінавачванні ў фінансавых махінацыях, у прыватнасці, у махлярстве з пастаўкамі цукру ў Еўрапейскі звяз. Брусэль сцвярджаў, што Косціч набываў цукар па невялікіх цэнах у трэціх краінах і пастаўляў яго ў ЕЗ з парушэннем ільготнага рэжыму.

Тым не менш, у 2005 годзе Міядраг Косціч з 300 млн еўра замкнуў сотню найбагацейшых бізнэсоўцаў постсацыялістычных краін па версіі польскага штотыднёвіка «Wprost».

Ёсць у Косціча інтэрасы і ва Ўкраіне, дзе ён праз кіеўскую кампанію «Аграінвест» займаецца сельскай гаспадаркай. У прыватнасці, гадоўляй і продажам збожжа. Там жа Косціч мае намер пабудаваць завод па вытворчасці біяэтанолу з кукурузы.

Ёсць у прыцэле «MK grupa» і Беларусь.

У красавіку мінулага года Міядраг Косціч прыязджаў у нашую краіну і наведаў Баранавіцкі і Бабруйскі раёны.
Сербскі бізнэсмэн хацеў бы ўзяць у Беларусі ў арэнду да 50 тысяч гектараў сельгасугоддзяў. Але ў Баранавічах, да прыкладу, мясцовае кіраўніцтва было гатовае выключыць з абарачэння пад сербскія патрэбы толькі 10 тысяч га.
Гатэль «Гранд», дзе кватаруе Аляксандр Лукашэнка, а таксама некалькі рэстаранаў і дамоў на курорце «Капаоніка» Косціч набыў летась.
Сербскія СМІ адзначалі шматлікія дзівацтвы гэтай угоды. Тэндэр кампанія «MK grupa» выйграла без канкурэнцыі, прычым кошт набытых актываў быў ўдвая меншы за першапачаткова заяўлены — 23 млн еўра супраць 45 млн.

У сябе ў краіне 48‑гадовы Косціч вядомы яшчэ і тым, што ягоная былая жонка Мар’яна Косціч выйшла замуж за папулярнага нямецкага футбаліста Лотара Матэўса (з якім, зрэшты, таксама развялася), а сваю 50‑метровую яхту Косціч назваў «Аleksandr V» — у гонар сына Аляксандра, якому на момант пакупкі дарагой цацкі было пяць год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?