У Беларусі пачаў дзейнічаць наваствораны моладзевы рух, які ў Віцебску прэзэнтаваў сябе пад назвай «Бунт».

Мінулай ноччу ў Віцебску зьявіліся графіці «Бунт», на даху тэатру імя Якуба Коласа была вывешаная расьцяжка са словам «Бунт», у горадзе распаўсюджваліся ўлёткі з надпісам «Бунт» і заклікам далучацца да негвалтоўнага супраціву і змаганьня за свабоду Беларусі. Актывісты таксама спрабавалі вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг ля амфітэатру. Некаторыя ўдзельнікі гэтых акцыяў былі затрыманыя.

Адзін з актывістаў руху 27-гадовы Дзяніс Дзянісаў патлумачыў, што назва «Бунт» – проста заклік, і ў працэсе дзейнасьці ён можа мяняцца. Паўстаў моладзевы рух пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

(Дзянісаў: ) «Проста было многа людзей новых, зусім не заангажаваных, былі людзі, якія хацелі нешта рабіць неяк па-іншаму, больш актыўна. Мы вырашылі актывізаваць беларускае насельніцтва, сказаць, што выбары былі сфальшаваныя й ня трэба чакаць пяць гадоў, бо ў нас няма легітымнага прэзыдэнта. Трэба падымацца!»

Паводле спадара Дзянісава, акцыі будуць ладзіцца ва ўсёй Беларусі – ня толькі ў буйных гарадах, але і ў вёсках. Ён адзначыў, што актывісты «Бунту» ў значнай ступені пазытыўна ставяцца да грамадзянскай кампаніі «За свабоду», але нэўтральна – да палітычнай.

(Дзянісаў: ) «Я не хацеў бы, каб мяне зьвязвалі ў дадзеным выпадку з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Я, да прыкладу, сябра АГП, але гэта не азначае, як некаторыя гавораць, што я - казырная карта Лябедзькі. Таму што нас падтрымліваюць розныя лідэры і ў нас мэта адна. Проста мы хочам больш актыўных дзеяньняў».

Паводле Дзяніса Дзянісава, наваствораны рух аб’яднаў сяброў былога моладзевага руху «Зубр», які пасьля выбараў, у траўні, заявіў, што перапыняе дзейнасьць пад сваім брэндам, а таксама «Маладога фронту» і маладых актывістаў-дэмакратаў. Але да яго далучылася значная колькасьць новых людзей. Ці пяройме «Бунт» мэтады дзейнасьці «Зубра»?

(Дзянісаў: ) «Мэтады «Зубра» – я б проста да іх не прывязваўся. Мы будзем дзейнічаць сваімі мэтадамі. Я думаю, што тут трэба карыстаць любы спосаб узьдзеяньня. Наша задача асноўная – змабілізаваць непасрэдна насельніцтва».

Радыё Свабода