Вось якімі словамі ён суправадзіў відэа:

«Ляжаў нядаўна ў Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы. Вось такое бязладдзе назіраў тры дні ў палаце. П'юць, кураць прама ў палаце. Персанал у курсе. Дым стаяў слупам і ў палаце, і ў калідоры. Пры гэтым усім пры курэнні нават вокны ніхто не адкрыў. Я маўчу пра пажарную бяспеку. Ды і акрамя ўсяго гэтага па ўсёй бальніцы бардак!» — піша пацыент. 

Гэта відэа хутка дайшло да кіраўніцтва і бальніцы, і горада. Была створаная камісія, якая цягам дня працавала ў бальніцы, даведвалася, як такое парушэнне стала магчымым. 

Намесніца галоўнага доктара Наваполацкай бальніцы Ірына Шамянкова патлумачыла «Нашай Ніве»:

«Па-першае, мы хочам падзякаваць гэтаму пацыенту, які зняў гэта відэа. Парушэнне рэжыму, невыкананне рэкамендацый дактароў — гэта вялізная праблема, з якой мы, медыкі, сутыкаемся кожны дзень. Разумееце, у нас не рэжымны аб'ект, мы не можам сачыць за кожным з пацыентаў. Калі пацыент паступае ў бальніцу, ён распісваецца ў тым, што азнаёмлены з правіламі ўнутранага распарадку установы. Што тычыцца гэтага пацыента, то ён ляжаў у траўматалагічным адзяленні больш за месяц і неаднаразова парушаў рэжым, што медыцынскі персанал фіксаваў ў дакументах», — тлумачыць Ірына Шамянкова.

Зараз за сістэматычнае парушэнне рэжыму гэты пацыент выпісаны.

«Разумееце, дактары становяцца закладнікамі абставін. Мы не можам выпісаць пацыента, таму што яго здароўе пад пагрозай, і ў гэты самы момант пацыент абсалютна ігнаруе рэкамендацыі дактароў і правілы распарадку бальніцы. На жаль, сваякі і сябры нашых пацыентаў таксама не паважаюць працу медыкаў, прыносяць ім і цыгарэты, і спіртныя напоі. Мы ж не можам правяраць сумкі кожнага», — кажа намесніца галоўнага доктара. 

Ірына Шамянкова прызнаецца, што такія выпадкі, на жаль, не рэдкасць. 

«Мы забіраем усё забароненае, пра ўсе парушэнні наш медперсанал паведамляе кіраўніцтву бальніцы. Канкрэтна ў гэтым выпадку ўсе парушэнні пацыента дакументальна зафіксаваныя. А ці будзе прыцягнуты пацыент да адказнасці, гэта ўжо кампетэнцыя не ўстановы аховы здароўя», — адказала Ірына Шамянкова. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?