25 снежня ў мінскім клубе Re:Public адбудзецца галоўная штогадовая падзея для ўсіх аматараў беларускай фальклорнай музыкі — святочны «Калядны фэст». Традыцыйна на сцэне выступяць выбітныя калектывы і выканаўцы сярэднявечнай і фолк-музыкі.

Сёлета «Калядны фэст» будзе прысвечаны 20-годдзю гурта «Стары Ольса», без якога твар беларускай сярэднявечнай фолк музыкі быў бы зусім іншым.

Напярэдадні «Каляднага Фэста» музыкі прыгадалі незвычайныя і смешныя выпадкі, якія здараліся з імі ў часе падарожаў ды канцэртаў. Такога вы дакладна не чулі!

 

 

Рыцары біліся ўсур’ёз

…Калі здымалі кліп на песню «Шлях», усе паступова зразумелі, што два галоўныя рыцары не граюць ролі. Яны па-сапраўднаму біліся — і коннымі на дзідах, і пешымі на мячах. Аказалася, што гэта бойка за дзяўчыну, якая была жонкай аднаго і сышла жыць да другога. Спыніць бойку не адважваўся ніхто. Аператары здымалі, а мы маліліся, каб абыйшлося без сур’ёзных траўмаў і калецтва… Усё скончылася добра — прафесіяналы!

Інфернальны кліп

…А падчас здымак кліпу «Карчма» выбухнула сумесь стэарыну з ацэтонам, апбпаліўшы музыку Алесю Чумакову бараду. Потым ледзь не выбухнулі балоны з газам. Акторы пасмажылі ў коміне хлеб на мячах, чым абсалютна сапсавалі мячы. Пад час перавозкі сталовага начыння яно амаль усё перабілася, таму на сталах пачастункі расклалі ў пабіты посуд. Аўтаномная электрастанцыя ламалася тры разы. Ад лампады ўся група ледзь не ўчадзела, давялося спыніць здымкі на некалькі гадзін. Гарматы не стралялі з-за вільготнага пораху. І на закуску прыгодаў Сасноўскі паламаў ключыцу.

 

На штурм!

…Пасля аднаго з фестываляў у Польшчы арганізатары запрасілі «Ольсаў» выступіць на піры ў мясцовым замку. У замак выправіліся двое — Тапчэўскі і Сасноўскі. Мост праз роў быў падняты, і яны вырашылі залезці на вежу над ірвом проста па канаце, які злучаў вежу і дарогу. І вось уначы, пры святле паходняў, з дудамі і барабанам музыкі паціху далезлі да вежы. Да ўваходу прыбег начальнік аховы і па-вар’яцку крычаў, каб яны вярталіся. Калі хлопцы апынуліся на вежы, ён нервова сказаў, што ўсе беларусы шалёныя, і накіраваў ліхтар у роў — там было ўбіта ў зямлю мноства завостраных калоў…

 

Каго так сустракаюць?

…Па дарозе ў Сургут мы ляцелі ў адным самалёце з расейскім гуртом «Мумій Троль». На пасадцы літаральна да трапа самалёта пад’ехала нейкая важная калона з саліднымі машынамі і аўтобусам (што забаронена правіламі бяспекі, за выключэннем урадавых дэлегацый!). Мы кажам — вось як сур’ёзна сустракаюць «Мумій Троль», а «Мумій Троль» кажуць — вось як нейкую шышку ў нашым самалёце сустракаюць! І калі на трап вылезлі мы — з гэтых салідных машынаў выйшлі людзі ў афіцыйных гарнітурах і закрычалі: «Стары Ольса!» Арганізавалі гэта чыноўнікі і бізнесмены-беларусы. А на банкет пасля канцэрта прыехаў расійскі федэральны чыноўнік па Сібіры, падсеў да Змітра Сасноўскага і на чысцюткай беларускай мове сказаў: «Зміцер, мы з табой, аказваецца, сваякі! Месяц таму я прылятаў у Старакраснае на пахаванне дзеда Франака і сядзеў побач з тваімі бацькамі!»

Тры дні ў аэрапорце

…У Амстэрдаме мы адсталі ад самалёта. Давялося выбіраць: альбо вяртацца дадому, альбо ляцець за свой рахунак, але не падставіць фэст, які нас запрасіў (Азорскія выспы, роўна пасярод Атлантыкі). Адзінагалосна вырашылі, што ў гэтым выпадку грошы не галоўнае. Дай курортныя выспы, ліпень, сезон у разгары… З цяжкасцю, але ўдалося замовіць новыя квіткі! Тры дні мы літаральна жылі ў аэрапорце, але ўдала даляцелі. Фестываль нават кампенсаваў кошт новых квіткоў. Праўда, першая ж хваля змыла ў акіян новую падводную камеру Алеся Чумакова. Уключаную і з зараджаным на поўную акамулятарам… Яна, напэўна, шчэ месяц здымала падводнае жыццё!

Хто не скача — той мармон

…Першы канцэрт у амерыканскім штаце Юта вельмі напружыў музыкаў. На піры прынеслі «Кока-колу» і мінералку, на канцэрце людзі проста сядзяць, не пляскаюць, сціпла і ветліва ўсміхаюцца. На сцэне здавалася, што гэтая музыка альбо зусім не падабаецца, альбо незразумелая. Аказалася, што Юта — мармонскі пратэстанцкі штат, тут не ўжываюць алкаголь, не парушаюць хуткасны рэжым і не крычаць на канцэртах!

 

Who is Майк Сайдар?

…Арганізатар нашых канцэртаў у ЗША зрабіў у наш гонар прыём у сваім доме і прапанаваў розныя напоі. Амаль усе выбралі сідр. Зміцер Сасноўскі, як яму здалося, на зразумелай англійскай мове сказаў: «Я таксама раблю сідр». Гаспадар працягнуў Зміцеру руку і адказаў: «О! Ты Майк Сайдар? Рады з табой пазнаёміцца!» Так гэтая мянушка да Змітра і прычапілася, нават нашыя сябры з іншых амерыканскіх гуртоў называлі яго Майк Сайдар!

 

Адрыў у царкве

У штаце Мэрылэнд гурт запрасілі выступіць у пратэстанцкай царкве. Ведаючы, як беларускія пратэстанты ўважліва ставяцца да рэпертуару гуртоў, якія ў іх выступаюць, была складзена стрыманая рэнесансна-барочная праграма. Перад выступам пастар кажа: «Я даведаўся, што ў вас ёсць кавер-версія кампазіцыі гурта AC/DC Highway to Hell, хачу, каб вы выканалі яе на канцэрце. Здолееце?». Гурт троху зніякавеў, а Зміцер запытаўся, ці ведае шаноўны пастар змест песні, там жа «пра выпіванне і поўны адрыў». Пастыр палез праз мабільнік у інтэрнэт, прачытаў словы і сказаў: «Ніякіх праблем! Гэта добрая песня!» Канцэрт, дзе было нямала людзей сталага веку, адбыўся веееельмі задорна, пад Highway to Hell асабліва актыўна адрываліся бабулькі ў першым шэрагу!

 

Штогадовы фестываль «Калядны Фэст» адбудзецца 25 снежня ў клубе Re:Public. Набыць квіток можна ў касах горада або анлайн.

 Даведкі: +375(44) 551-77-06, +375(29) 851-77-06.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0