12.12.2019 / 18:09

Адэпт «рускага свету» прапанаваў аддаць Смаленскую, Калінінградскую і Пскоўскую вобласці «Беларускай саюзнай акрузе» 41

З дастаткова сенсацыйнай заявай выступіў старшыня грамадскага аб’яднання «Русь», прадстаўнік Інстытута СНД у Беларусі Мікалай Сяргееў.

Не так даўно Сяргееў атрымаў з рук прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна медаль Пушкіна. Яго ўручаюць «за вялікі ўнёсак у асвету і вывучэнне культурнай спадчыны, спрыянне збліжэнню і ўзаемаўзбагачэнню культур беларускага, украінскага і рускага народаў».

Уладзімір Пуцін і Мікалай Сяргееў.

Дык вось, Сяргееў заявіў, што ў будучай саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі ў склад «Беларускай акругі» было б добра ўключыць Калінінградскую, Смаленскую і Пскоўскую вобласці. Гэта выклікала абурэнне некаторых іншых прарасійскіх сілаў. Напрыклад, тэлеграм-канал «Бульба прастолаў», які звязваюць з іменем публіцыста-беларусафоба Юрыя Баранчыка, напісала, што Сергееў ніякі не ідэолаг «рускага свету», а «савецкі ідыёт, які не можа нават зрабіць выснову з гістарычных падзей, якія прайшлі пры яго жыцці».

«Больш шкодную для Расіі ідэю цяжка ўявіць. Калі б у беларускіх нацыяналістаў была хаця б кропля мазгоў, яны б абедзвюма рукамі яе падтрымалі», — напісала «Бульба прастолаў».

«НН» патэлефанавала Мікалаю Сяргееву, каб ён патлумачыў нам сваю пазіцыю.

«Гэта адзін з варыянтаў фармавання саюзнай дзяржавы, які выносіўся на абмеркаванне. Існуе варыянт, што ў будучыні саюзная дзяржава будзе дзяліцца на саюзныя акругі. І адна з такіх акругаў будзе называцца «Беларускай». Фармавацца акругі будуць па эканамічнай прыкмеце, таму некаторыя вобласці Расійскай Федэрацыі змогуць увайсці ў гэтую акругу.

Пры гэтым заўважу, што дзяржаўнасць Беларусі будзе захавана. Ніяк не будзе закранутая і тэрытарыяльная цэласнасць Расійскай Федэрацыі. Глядзіце, у Расіі ёсць федэральныя акругі, у якія ўваходзіць, скажам, Татарстан, але гэта ніяк не бурыць іх рэспубліканскую самастойнасць.

Гэта проста адзін з варыянтаў для абмеркавання, не больш за тое. Гэта не значыць, што кагосьці сілай будуць далучаць. Саюзная дзяржава павінна развівацца, таму трэба ініцыяваць такія дыскусіі», — расказаў Сяргееў.

Прадстаўнік аб’яднання «Русь» абураны тым, як яго словы падаў тэлеграм-канал «Бульба прастолаў». «Калі ім не падабаецца, то маглі б патлумачыць, чаму я не маю рацыю. А калі пераходзяць на асобу, то значыць, што ў іх няма довадаў. Гэты чалавек нізкай кваліфікацыі, калі абражае проста так і выдзёргвае фразы з кантэксту».

ЗП

10
Тарас-на-тэрасе / Адказаць
12.12.2019 / 18:13
Добрая спроба, але не..
Пакіньце Калінінград сабе, таварышы расейцы
12
счётчик Гейгера / Адказаць
12.12.2019 / 18:22
Тарас-на-тэрасе,отдайте Кенисберг немцам....
12
Скураныя крылы / Адказаць
12.12.2019 / 18:27
Калі ўжо пачнем сябраваць з летувісамі? Наколькі я ведаю, яны не супраць.

Паказаць усе каментары/ 41 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру