Кансерватыўная партыя на чале з прэм'ер-міністрам Борысам Джонсанам перамагае на выбарах Палаты абшчын - такія вынікі апытання на выхадзе з участкаў для галасавання, піша bbc.com. Джонсан абяцае хутка вывесці краіну з Еўрасаюза.

Згодна з вынікамі вялікага усебрытанскага экзітполу, Кансерватыўная партыя па выніках датэрміновых выбараў 12 снежня атрымае 368 з 650 месцаў у Палаце абшчын.

Галоўныя супернікі кансерватараў, лейбарысты на чале з Джэрэмі Корбінам, атрымаюць 191 мандат, Ліберальна-дэмакратычная партыя — 13 мандатаў, Шатландская нацыянальная партыя — 55, Партыя Уэльса — 3, зялёныя — 1. Акрамя таго, у парламент, згодна з прагнозам, пройдуць 19 незалежных дэпутатаў.

Калі афіцыйныя вынікі выбараў супадуць з прагнозам на аснове экзітполу, то кансерватары, згодна з іх праграмай, неадкладна ратыфікуюць пагадненне аб выхадзе з Еўрасаюза, і 31 студзеня 2020 года Брытанія пакіне ЕС фармальна, а ў канцы года, пасля заканчэння пераходнага перыяду — і фактычна. Торы абяцаюць не працягваць пераходны перыяд, хоць па дамове аб выхадзе такая магчымасць у Брытаніі і Еўрасаюза ёсць.

Экзітпол — выбарачнае апытанне на выхадах з участкаў — правяла сацыялагічная кампанія Ipsos Mori на замове вядучых тэлекампаній Брытаніі: Бі-бі-сі, ITV і Sky.

Цалкам ці амаль цалкам вынікі выбараў, як чакаецца, будуць вядомыя прыкладна ў 9—10 раніцы.

Усе 650 дэпутатаў Палаты абшчын у Брытаніі абіраюцца ў аднамандатных акругах у адзін тур, і дакладна прадказаць вынікі ўсіх гэтых шасці з паловай сотняў асобных галасаванняў, здавалася б, немагчыма. 

Аднак брытанскія сацыёлагі навучыліся даваць вельмі блізкія да рэальнасці прагнозы: яны дакладна прадказалі вынікі парламенцкіх выбараў у трох выпадках з апошніх чатырох.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0