За апошнія дзесяць гадоў у Бялыніцкім раёне пагалоўе кароў у насельніцтва зменшылася амаль у два з паловай разы.

Сёння пазбаўляецца ўсялякага сэнсу і ўтрыманне кароў у асабістай падсобнай гаспадарцы. Пасля дэвальвацыі рубля і зніжэння закупачных цэн на малако (ад 9 лютага ў сярэднім на 10%) кароў у насельніцтва, на маю думку, застанецца яшчэ менш, бо затраты на ўтрыманне жывёлы будуць значна перавышаць атрыманы даход.

Закупачныя цэны на малако «Экстра» з 910 руб. за 1кг цяпер зніжаны да 820 руб., на малако вышэйшага гатунку — з 725 да 650 руб., першага — з 665 да 600 руб., другога — з 390 да 350 руб. за кг. Тым часам дзяржаўныя СМІ паведамілі, што зроблена гэта дзеля забеспячэння больш эфектыўнай працы перапрацоўчых прадпрыемстваў. Дзякуй ураду за клопат пра гэтыя прадпрыемствы, аднак хто паклапоціцца пра сялян і сельскую гаспадарку? А ўжо праз месяц пачнуцца веснавыя палявыя работы…

Сітуацыя складваецца дрэнная, бо цэны на ГЗМ, запчасткі, тэхабслугоўванне і ўгнаенні зніжаць ніхто не збіраецца. Ды і ў шмат якіх гаспадарках вытворчасць малака пры новых коштах будзе проста стратнай. Навошта тады ўсюды «ляпіць» новыя малочна‑таварныя комплексы, калі іх будаўніцтва ніколі не акупіцца?

Можа, у сялян грошы няма куды падзець? На жаль, зусім наадварот: заробкі ў іх значна ніжэй, чым у работнікаў іншых галін народнай гаспадаркі.

Самае цікавае тое, што хаця закупачныя цэны на малако і паменшыліся на 10%, для беларускіх спажыўцоў у крамах цэны застануцца ранейшымі.

І нічога, што нашы селяне не ведаюць, як выжыць ва ўмовах крызісу. Тым больш што яго (крызісу) у нас, па словах кіраўніка дзяржавы, няма.

Іван Барысаў, газета Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0