13.12.2019 / 21:26

Міністр адукацыі Карпенка запусціў маладзёжны YouTube-канал — але на YouTube яго няма. У чым справа? 2

12 снежня міністр адукацыі Ігар Карпенка ўзяў удзел у Нацыянальным студэнцкім форуме, які прайшоў у Оршы. Разам са студэнтамі міністр запусціў маладзёжны YouTube-канал пад назвай «У аб'ектыве — моладзь» (так называўся і сам форум) — але на YouTube вы яго не знойдзеце, паведамляе Tut.by. У чым справа?

Фота: БелТА.

— У Беларусі запусцілі маладзёжны YouTube-канал пра жыццё маладых людзей, іх праблемы і захапленні. Старт праекту ў Оршы даў міністр адукацыі Ігар Карпенка разам з лаўрэатамі конкурсу «Благасфера 1.0». Ініцыятарам стварэння канала «У аб'ектыве — моладзь» выступіла Міністэрства адукацыі. Выпускаць відэа хлопцы плануюць як мінімум раз на два тыдні, — паведамляе «Радыё Гомель FM».

Аднак, калі ўвесці назву новага канала ў YouTube, пошук выдае старыя ролікі, ніяк не звязаныя з праектам.

У прэс-службе Міністэрства адукацыі параілі звярнуцца па тлумачэнні ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — менавіта гэтая ўстанова займаецца стварэннем YouTube-канала для беларускай моладзі, хоць на сайце арганізацыі пра новы праект пакуль што няма ніякай інфармацыі.

— Хлопцы, трэба трошкі пачакаць, каб усе запусцілася, — растлумачыў начальнік аддзела па працы з моладдзю цэнтра Дзмітрый Туронак. — У нас ёсць рабочая назва, якую я не хачу афішаваць, таму вы не знойдзеце яго на YouTube. Назва «У аб'ектыве — моладзь» студэнтам не спадабалася, таму мы прыдумалі іншую назву. У нас ёсць кантэнт-план, мы хочам набраць ролікаў на ўвесь сезон. Ёсць графік выхаду сезону.

— Калі па графіку выходзіць першы ролік? — удакладнілі мы.

— Давайце я скажу, што пасля Новага года, — адказаў Туронак.

— Вы атрымалі бюджэтнае фінансаванне на гэты канал?

— Не, гэта пакуль што энтузіязм. Студэнты здымалі на мабільныя тэлефоны.

Дарэчы, у прамацыйным роліку канала, які таксама нельга знайсці на YouTube па запыце «У аб'ектыве — моладзь», узялі ўдзел вядомыя блогеры Улад Бумага і Прыемны Эльдар.

Загадчык сектара па ўзаемадзеянні з грамадскімі аб'яднаннямі і арганізацыямі цэнтра Яўген Юшко таксама быў на мерапрыемстве ў Оршы. Паводле яго слоў, форум і быў прысвечаны адкрыццю YouTube-канала для моладзі.

— Разам са студэнтамі мы прыдумалі «шапку», напаўненне, кантэнт, рубрыкі. Распрацавалі кантэнт-план, знялі пробныя варыянты. На працягу двух дзён былі майстар-класы. Знялі каля 30 ролікаў, але яны пакуль што не для размяшчэння, мы проста «прасунулі» студэнтаў у гэтым кірунку, — кажа Яўген Юшко. — Зараз мы стварылі працоўную групу, якая будзе гэтым займацца [стварэннем YouTube-канала]. У рамках форуму зрабілі ўсю падрыхтоўчую працу. Канал запусціўся не фізічна, бо запусціць яго на YouTube — гэта адна секунда, наша задача была зрабіць яго пісьменна і крута. У нас ёсць кантэнт-план. Згодна з планам, мы робім дзесяць выпускаў — і толькі пасля гэтага будзем ствараць і напаўняць канал.

1
Мікола / Адказаць
13.12.2019 / 21:46
з міністрам-камуністам падыход як у часы СССР -- ствараюць бачнасць кіпучай дзенасці 8)))
8
Матёрый / Адказаць
13.12.2019 / 22:21
Ютубу надо искать замену. Они глушат просмотр видео.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру