Масква зноў пераймаецца: Еўрасаюз выкручвае рукі суверэннай Беларусі! Хвалю такіх каментароў выклікала чарговая заява еўракамісаркі Беніты Ферэра-Вальднер наконт прызнання/непрызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Хто б мог уявіць год таму, што гэта стане выглядаць ледзь ці не пытаннем цывілізацыйнага выбару Беларусі!

“Наша пазіцыя ў дачыненні да Паўднёвай Асеціі і Абхазіі вядомая ды нязменная — мы не прызнаем незалежнасці гэтых краін, — зазначыла прадстаўніца Бруселя. — Калі ж Беларусь прызнае іх незалежнасць, гэта моцна сапсуе нашы дачыненні, затармозіць усе нашы ініцыятывы што да збліжэння”.

Пазіцыя сапраўды вядомая. Раней на гэтую ж тэму даволі катэгарычна выказаўся чэшскі міністр замежных спраў Карэл Шварцэнберг (Чэхія зараз старшынюе ў Еўрасаюзе). Маўляў, прызнанне Мінскам мяцежных грузінскіх правінцый створыць вялікія праблемы з удзелам Беларусі ва “Усходнім партнёрстве”.

Адлуп Шварцэнбергу — nota bene! — прагучаў не з Мінска, а са Смаленскай плошчы Масквы. Ананім з расійскага МЗС зазначыў, што “заява Чэхіі” (рэпліцы міністра, заўважце, дадалі статуснасці) шакуе і выклікае асацыяцыі з ультыматумамі часоў халоднай вайны. Карацей, рукі прэч ад суверэннай Беларусі!

Іншыя расійскія каментатары выказваюцца таксама экспрэсіўна. Так, на думку телевядоўцы Міхаіла Лявонцьева, Еўрасаюз такім чынам хоча прымусіць беларускае кіраўніцтва “публічна плюнуць на Расію”. Іншы аналітык бядуе, што без утрымання Беларусі ды Украіны ў зоне свайго ўплыву Расіі будзе неставаць еўрапейскай ідэнтычнасці.

Заўважце: у той час як у Бруселі ды Маскве робяць акцэнтаваныя заявы, Мінск стараецца ўсяляк рэдукаваць праблему. Маўляў, афіцыйна нам такой умовы ЕС не ставіць (і гэта праўда).

Адзначым і тое, што, нягледзячы на ўсе абяцанкі ўважліва паставіцца да просьбаў таварышаў з Сухумі ды Цхінвалі, пытанне аб прызнанні/непрызнанні самаабвешчаных рэспублік дасюль не ўлучана ў праект парадку дня вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў, якая распачнецца 2 красавіка. “Пытанне знаходзіцца ў стадыі вывучэння”, — з алімпійскім спакоем адказваюць журналістам у Палаце.

Зразумела, што немудрагелістая тактыка пад назвай “цягнуць рызіну” зараз для беларускага кіраўніцтва аптымальная. Як у той казцы, “нам бы толькі дзень прастаяць ды ноч пратрымацца”. Вось-вось будзе вырашацца лёс прыпыненых увосень санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, а калі шырэй — лёс далейшых стасункаў Мінска з ЕС.

Ускочыць у вагон “Усходняга партнёрства” — вялікая спакуса. На сёння ў Аляксандра Лукашэнкі ёсць шанец трыумфальна прыляцець 7 траўня у Прагу на ўстаноўчы саміт гэтай новай праграмы Еўрасаюзу. Таму няцяжка прадбачыць, што нязручнае пытанне самаабвешчаных каўказскіх рэспублік Мінск пад нейкай маркай зноў паспрабуе адсунуць “на потым”.

Педаляванне ж гэтага пытання ў Бруселі і Маскве, на думку мінскага палітолага Валера Карбалевіча, “лішні раз сведчыць пра тое, што пацяпленне ў дачыненнях паміж ЕС і Беларуссю выклікана геапалітычнымі чыннікамі”.

Менавіта каўказская вайна жніўня 2008 года, нагадвае эксперт, прымусіла Еўропу перафарматаваць падыход да беларускага пытання, адсунуўшы з першага месца праблемы дэмакратыі ды правоў чалавека.

“Прычым, — дадае Карбалевіч, — пытанне стала ўжо болей сімвалічным, чым уласна геапалітычным”. Сапраўды, кладучы руку на сэрца, само па сабе прызнанне Мінскам Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі ну аніяк не пахісне геапалітычны расклад у рэгіёне.

Але тут ўжо пайшло “спаборніцтва, хто перацягне на свой бок, хто дацісне” беларускае кіраўніцтва, мяркуе палітолаг.

Не выключана, што яно зноў выбера сваю ўлюбёную парадыгму “і нашым і вашым”. Дачакаецца ўлучэння ва “Усходняе партнёрства”, а ўжо калі гэты цягнік пойдзе — недзе ўвосень — ашчаслівіць Цхінвалі ды Сухумі.

Хаця і гэта не факт.

У Аляксандра Лукашэнкі і без замежных дарадцаў ёсць важкія прычыны адкарасквацца ад прызнання тых рэспублік. Бо іх наступным крокам стануць заявы на прыём у Саюзную дзяржаву.

Ці трэба доўга даводзіць, што тады "двойка" ператворыцца ў "чацвёрку" з раскладам галасоў 3:1 на карысць Масквы?

Увогуле ж — гаворка не толькі пра калізію вакол каўказскіх рэспублік — у цяперашняй кіроўнай вярхоўкі Беларусі дэ-факта не застаецца іншага выбару, акрамя як манеўраваць між двума цэнтрамі сілы — Расіяй і Захадам. Адвязацца ад Масквы не дае звышмоцная эканамічная, і найперш энергетычная залежнасць. Але паколькі Крэмль ўздымае цэннік ды накідае палітычныя ўмовы, то, каб ямчэй трываць націск, трэба мець заходняе, найперш еўрапейскае апірышча.

Са свайго боку, Еўропа не такая наіўная, каб не разумець гэтай гульні. Але, адрозна ад героя Ільфа і Пятрова, яна згодна ўзяць сваё часткамі. Рызыкнем выказаць меркаванне, што нават калі Мінск будзе змушаны прызнаць тыя рэспублікі ўжо неўзабаве, ЕС нікуды не падзенецца і прадоўжыць нармалізацыю стасункаў з Беларуссю.

Разлік Бруселя палягае на простай ісціне.

Рана ці позна эпоха Лукашэнкі скончыцца. А між тым Беларусь, пакуль што завіслая на геапалітычным разломе, спакваля можа быць дастаткова трывала ангажаваная ў еўрапейскія працэсы. Астатняе — прыкладзецца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?