Шрага Царфін. Страявы лес. З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Шрага Царфін. Страявы лес. З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Упершыню з творчасцю Сэма Царфіна я пазнаёміўся ў 2012 годзе, калі ў Мастацкім музеі адбывалася прарыўная выстава мастакоў Парыжскай школы. І ён адразу прыцягнуў да сябе ўвагу — у першую чаргу, сваім энігматычным смарагдавым колерам, які ўцягвае ў цябе і пагружае ў медытатыўныя глыбіні. Яго карціны тады настолькі мяне заваражылі, што мастака запомніў, і калі неўзабаве з Валерыяй Чарнаморцавай паехаў у вандроўку ў Смілавічы, то ў віктарыне для вандроўнікаў выйграў паштоўку — бо згадаў імя Царфіна. Як і Суцін, Царфін нарадзіўся ў Смілавічах пад Мінскам. Нарадзіўся ён у 1899-м, а памёр у Парыжы ў 1975-м.

Файбіш-Шрага(або, коратка, Сэм) Царфін (калі не лічыць Шагала, бо гэта ўжо асобны выпадак) стаў першым мастаком Парыжскай школы, які атрымаў гонар асабістай рэтраспектывы ў Беларусі. І думаю, што нездарма, ён вельмі яркі — і адразу ж угрызаецца ў свядомасць, гэта вам не Суцін, каля якога трэба выплясваць танцы, хадзіць плявацца, думаць, навошта гэта і як. Царфін — лёгкі і ўзнёслы, таму беларускія калекцыянеры за апошнія гады назбіралі шмат яго твораў, яўна больш, чым яшчэ каго з прадстаўнікоў Парыжскай школы. Гэта адчувалася і па выставе мастакоў Манпарнаса з прыватных калекцый у Гістарычным музеі — там яўна па колькасці твораў і візуальна дамініраваў Царфін. Дый цэны на яго творы — не суцінскія.

І на гэтай выставе яшчэ не прысутнічае калекцыя «Белгазпромбанка» (дзе яго першымі і пачалі збіраць), а там на дадзены момант, калі верыць сайту, ужо 12 яго карцін. Праўда, гэтыя творы можна лёгка ўбачыць у публічна даступнай галерэі «Белгазпрамбанка». Але ўсё ж, калі гэта рэтраспектыўная выстава, і сабралі практычна ўсяго Царфіна, што ёсць у Беларусі, — шкада, што такой значнай калекцыі тут не было. Гэта ж такі эфект - усё разам, усё побач, і пагружайся сабе. А так чарвячок пра адсутную калекцыю падгрызае эйфарычны эфект.

Частка твораў — з калекцыі Мастацкага музея, даўно ўжо не быў у Смілавічах, ажно і там «Прастора Хаіма Суціна» займела ў сваю ўласнасць некалькі арыгінальных твораў смілавічаніна, але ў дадзеным выпадку ядро выставы — творы з калекцыі нейкай групы кампаній А-100. 

Я не знайшоў на сайце музея раскладу куратарскіх экскурсій (абяцаных), таму многія пытанні ў мяне засталіся. Так і не зразумеў, паводле якой логікі развешвалі карціны — было б лагічна павесіць разам дзве вельмі адрозныя версіі «Дзяўчат у кветках», магло б атрымацца дужа інфарматыўнае параўнанне. Развесілі ў розных кутах. З нейкай інфармацыі пра эвалюцыю стылю мастака ці пра адметнасці яго эстэтыкі можна вынесці толькі вынаходніцтва каля 1960 года вось гэтага яго фірмовага смарагдавага колеру, і гэтую гісторыю таксама можна было б распавесці з дапамогай логікі экспанавання, але — не.

І, нарэшце, падумаў, што мы насамрэч маем вельмі абмежаванае ўяўленне пра Царфіна, па сутнасці, нам знаёмы толькі пасляваенны перыяд творчасці мастака (які актыўна ўдзельнічаў у выставах 1920—30-х гадоў). Кватэра яго ў Парыжы была разрабаваная падчас нацысцкай акупацыі, зніклі ўсе карціны, што захоўваліся, але ці набываліся яго творы даваеннага часу, дзе іх можна знайсці? У адрозненне ад таго ж Суціна, мы ведаем толькі палову аблічча Царфіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?