Экс-камандзір вайсковай часці 3214, экс-камандзір Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Дзмітрый Паўлічэнка на працягу дзесяці хвілін даў два каментары — «Нашай Ніве» і Tut.by — з абсалютна розным зместам.

Ён адказваў на словы свайго былога падначаленага Юрыя Гараўскага, які абвінавачвае Паўлічэнку ў забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Былы спецназавец: Я ўдзельнічаў у забойстве Захаранкі і Ганчара

Спачатку Паўлічэнка выказаўся для партала Tut.by:

— Гараўскі адслужыў паўтара года тэрміновай службы, а потым зганьбіў [унутраныя войскі]. Ніякага дачынення да САХРа ён не мае. У нас [ў 1998 годзе] адкрыўся штат кантрактнікаў, у яго асаблівага інтэлекту не было, хлопец здаровы, але пэўныя навыкі былі, і ў рукапашным баі, і мы яго ўзялі. Але САХР фармаваўся ў 1999 годзе. А ён у гэты час, у 1999 годзе, трапіў пад крымінальную адказнасць — займаўся вымагальніцтвам. Яго брала ў распрацоўку Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, затрымліваў «Алмаз» — там усё было сур'ёзна. Таму, калі нейкія падзеі і адбываліся [ў 1999 годзе], да якіх САХР не мае дачынення, ён адбываў пакаранне.

У КДБ на Гараўскага ёсць дасье. Ён ніякага дачынення да САХРа не мае, ён зганьбіў нашы шэрагі, заняўся злачынным бізнэсам — вымагальніцтвам грошай у простых грамадзян, прыкрываючыся, што ён супрацоўнік [МУС]. Мы яго са сваіх шэрагаў выгналі, ён адседзеў тры ці чатыры гады. Сеў ён у 1999 годзе.

— Але ён сцвярджае, што быў байцом САХРА з 1999 па 2003 год.

— Такога быць не можа, ён у гэты час адбываў пакаранне. Нягледзячы на ​​тое, што адбываў пакаранне, свой — не свой, але служыў жа ў нас, і я яму дапамог уладкавацца на працу. Ён там [на працы] зноў дапусціў нейкія махінацыі, і яго і адтуль выгналі. Потым ён п'яным за рулём трапіў у аварыю і стаў калекам. Я таксама знайшоў спосаб, у нас так прынята, я многіх падтрымліваю — я ўзначальваю Беларускую асацыяцыю ветэранаў і ў мяне шмат на апецы хворых і калек знаходзіцца, таксама знайшоў спосаб яго падтрымаць. Але чалавек [Гараўскі] спрабуе зарабіць на гэтым усім. Чалавек проста страціў сумленне і арыенціры. За 20 гадоў было шмат публікацый, я ўжо нагледзеўся. Ніякіх таямнічых аперацый не было.

— Гэта значыць, вы сцвярджаеце, што САХР пад вашым камандаваннем не ўдзельнічаў у аперацыях па выкраданні і забойстве Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, пра якія распавядае Гараўскі?

— Гэта поўная лухта нейкая. Ну, можа быць, нехта нечым гэтым займаўся. Мы — спецпадраздзяленне спецпрызначэння ўнутраных войскаў, гэтыя вось пытанні ў кампетэнцыі іншых органаў, калі яны гэтым займаліся.

***

А праз 10 хвілін ён адказаў на званок карэспандэнта «Нашай Нівы».

— Такі чалавек пад маім кіраўніцтвам не служыў. Я асабіста ствараў Спецыяльны атрад хуткага рэагавання (САХР). І цудоўна памятаю ўсіх, асабліва з тых, хто ствараў. Ніякага Гараўскага там не было. Можа, у 3214 і быў такі чалавек, там усіх не запомніш… Але я не ведаю такога Юрыя Гараўскага. А што ён такога напісаў, нешта, што ачарняе нашу рэальнасць?

— Напісаў, што ў 2000-м годзе вас разам затрымлівалі па справе забойства Ганчара і Захаранкі. Яго на адныя суткі, а вас на трое.

— Такога дакладна не памятаю. Разумееце, ёсць людзі, якія калісьці дзесьці служылі альбо ўвогуле нідзе не служылі, а пасля яны ці зарабляюць гэтым, ці ўвагу да сябе прыцягваюць. Усё гэта трызненне. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?