5 сакавіка ў беларускіх ВНУ пачалася рэгістрацыя абітурыентаў для праходжання прафесійна‑псіхалагічнага сумоўя.
Нагадаем, такое сумоўе было ўведзена летась у адпаведнасці са зменамі Правілаў паступлення ў ВНУ.
Яго неабходна прайсці для паступлення на спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне», «дзяржаўнае кіраванне і права», «дзяржаўнае кіраванне і эканоміка», «міжнародныя адносіны», «міжнароднае права», «правазнаўства», «эканамічнае права», «журналістыка», «міжнародная журналістыка», «мытная справа».
Сумоўе пры гэтым неабходна прайсці для паступлення на ўсе формы атрымання адукацыі.
Рэгістрацыя абітурыентаў для праходжання сумоўя арганізавана з 5 па 31 сакавіка.У прыватнасці, у БДУ, як паведамляе прэс‑служба ВНУ, рэгістрацыя праводзіцца па будных днях з 09.00 да 17.00 (абед з 13.00 да 14.00) у аўдыторыі 116 галоўнага корпуса, у суботу — з 09.00 да 13.00.
Плануецца, што само сумоўе будзе арганізавана ў ВНУ з 5 па 30 красавіка.Яно праводзіцца прыёмнай камісіяй, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі кіраўніцтва ВНУ, прафесары, дацэнты, выкладчыкі, псіхолагі, сацыяльныя педагогі, а таксама спецыялісты адпаведных галінаў эканомікі і сацыяльнай сферы. Камісія ў вуснай гутарцы з абітурыентам ацэньвае агульны ўзровень яго развіцця, матывацыю паступлення на тую ці іншую спецыяльнасць.
Летась для праходжання сумоўя зарэгістравалася больш за 14 тысяч чалавек, з іх каля 130 не прайшлі яго.
Што да цэнтралізаванага тэставання, то яно сёлета пройдзе пазней, чым летась, у сувязі з прадаўжэннем навучальнага года ў школах.Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, тэставанне адбудзецца з 15 чэрвеня па 1 ліпеня. Першым іспытам традыцыйна стане тэст па беларускай мове.
0
0
0
0
0
0