У сувязі з маімі выступамі на мітынгах 7-га і 8-га снежня 2019 г. супраць мяне распачаты адміністратыўны працэс паводле артыкула 23. 34 КоАП Рэспублікі Беларусь.

Адмаўляючыся ад паслугаў адваката і беручы на сябе гэтую ролю, што дазволена мне пунктам 6 «Правоў і абавязкаў асобы, у адносінах якой вядзецца адміністратыўны працэс», хацеў бы як адвакат адказчыка зрабіць заяву наступнага зместу.

Азнаёміўшыся з тэкстам пратакола аб адміністатыўным правапарушэнні, складзеным у Савецкім РАУС г. Мінска 16.12.2019 г. і падпісаным інспектарам Тарлюком В. І. і начальнікам УУС адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска Каліннікам С. Л., я прыйшоў да высновы, што судовае пасяджэнне для выраку прысуду г-ну Садоўскаму павінна быць адкладзена для дадатковага даследавання па наступных прычынах:

  1. Пратакол складзены з разлікам на тое, што магчымы судовы працэс будзе праходзіць па сцэнары, калі змест і сутнасць падразгляднай справы будзе падменены фармальным вымаганнем пацвярджэння падсудным свайго удзелу або няўдзелу ў падзеях, што паслужылі нагодай для пачатку адміністратыўнага працэсу, які павінен абавязкова мець сваім вынікам суровае пакаранне абвінавачанага.
  2. Аўтары пратаколу зусім не абцяжарваюць сябе захадамі для праверкі праўдзівасці паказанняў сведкаў, якія, будучы службоўцамі міліцыі і зведваючы выразна адміністратыўны ціск, даюць часта заведама лжывыя сведчанні, так бы мовіць, на карысць дзяржавы.
  3. Дадатковае даследаванне па справе г-на Садоўскага павінна ўтрымліваць праўную ацэнку не толькі дзеянняў адказчыка, але таксама сведкаў і службовых асобаў, датычных да ўзгаданага пратакола, якія абумоўлены агульным станам грамадства.
  4. Па сутнасці дэталяў зместу пратакола як адвакат патэнцыйна падсуднага П. Садоўскага маю заявіць наступнае:

а) Пашпартныя і асабовыя звесткі пра г-на Садоўскага пададзены недакладна. У пратаколе ўказана, што ён мае сярэднюю адукацыю. Мой кліент мае вышэйшую адукацыю — Мінскі дзяржаўны ін-т замежных моваў. Ён кандыдат навук, дацэнт. Мае статус Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара. Гэта істотна для следства. Бо ў пратаколе ён прадстаўлены як разбэрсаны хуліган, які «держал в руках бело-красно-белый флаг и выкрикивал лозунги «Жыве Беларусь». Звяртаю заўвагу экспертаў-псіхолагаў на стыль сведкаў, якія пад дыктоўку фармулявалі паспешна свае паказанні: «Жыве Беларусь» — гэта ўсяго адзін лозунг. Гэта адзіночны лік. Да таго ж тут патрэбны клічнік, бо абвінавачаны паводле пратаколу «крычаў» гэты лозунг. У першым выступе 7-га снежня Садоўскі сапраўды, як закончыў спяваць купалаўскую песню-марш «А ў бары-бары тры дарожанькі», закончыў свой выступ урачыстым воклічам «Жыве Беларусь!». Ён не крычаў, ён голасна прамаўляў. Для ведама міліцыі: «Жыве Беларусь!» — гэта словы з верша Янкі Купалы.

б) У пратаколе недакладна ўказаны год нараджэння майго кліента. Ён нарадзіўся 2 лютага (у гэты ж дзень нарадзіўся і Кастусь Каліноўскі) 1939 г., а не 1941-га. У пашпартным аддзеле Фрунзенскага РАУС ёсць сведчанне-папраўка 2007 г. з пацвярджэннем двух сведак па месцы нараджэння П. Садоўскага. Для дзяцей часоў вайны для паправак у страчаных пасведчаннях аб нараджэнні дастаткова было паказанняў двух сведкаў. Гэтая дэталь істотная для вызначэння меры пакарання: чалавеку ж 2-га лютага споўніцца 81 год! 

в) П. Садоўскі не «держал в руке бело-красно-белый флаг» ні 7-га, ні 8-га снежня. Першы дзень у яго не было нічога ў руках. Другі дзень у яго ў руках быў доўгі парасон з закручанай ручкай, які ён часам бярэ з сабой у якасці лясачкі як ужо не малады чалавек. Для вынясення абвінавачання гэта не мае значэння: вінаваты ва ўдзеле ў недазволеным мітынгу, — адказвай. Але ж гэта — ускоснае сведчанне пра лжэсведчанне міліцыянтаў. Яны ж не могуць прадставіць здымкаў абвінавачанага са сцягам у руках. Фатаграфіі ж фігуруюць як прадметы доказу правапарушэння разам з іншымі дэталямі (неразборліва ў пратаколе).

г) Другі ўскосны доказ ілжэсведчання грамадзян Штопа Андрэя Іванавіча і Церашковіча Рамана Сяргеевіча (магу памыляцца: напісана неразборліва) — блытаніна ў часе. Яны сведчаць, што 7-га і 8-га П. Садоўскі быў на плошчы з 12 да 12.35. У гэты час яго там не было. Няхай пакажуць фатаграфію, дзе на камеры ёсць адбітак гэтага часу. 7-га снежня ён быў на плошчы хвілін 30—40. З’явіўся прыблізна а 15-й. Перад спевамі выбачаўся, што не зусім здаровы. Гэта добра відаць на запісе з указаннем часу. Адразу пайшоў дадому. 8-га прыйшоў да мітынгоўцаў прыблізна а 14-й. У 12-30 ён быў каля Петрапаўлаўскай царквы. У яго там была сустрэча. Сведка можа пацвердзіць. 

д) Не адмаўляючы, што ён з’яўляецца перакананым праціўнікам гібрыднай эканамічнай экспансіі Расіі, П. Садоўскі сцвярджае, што непасрэдных заклікаў супраць «інтэграцыі з Расіяй» ён не выказваў (гэта інклюзіўна сцвярджаюць сведкі). Ён лічыць гэты выраз няўдалым журналісцкім штампам, які выкарыстоўваюць і дзяржаўныя і недзяржаўныя медыя. 8-га снежня падсудны нічога пра так званую інтэграцыю таксама не ўзгадваў. Ён выступаў як філолаг, аналізуючы псіхалагічны аспект уздзеяння манеры выступу прэзідэнта, калі ён у расійскую моўную плынь перыядычна ўплятае фрагменты беларускай мовы, ужываючы яе выключна з адмоўнай канатацыяй і суправаджаючы гэта перакрыўленым выразам твару ды інтанацыяй. Гэта ёсць, паводле меркавання гр-на Садоўскага, распальваннем грамадзянскай варожасці паводле моўнай прыкметы. На сённяшні дзень у Беларусі фактар мовы становіцца палітычным чыннікам, мяркуе мой падабаронны.

д) Некарэктна запоўнены пункт пратаколу, дзе павінна быць канкрэтна ўказана, ці прыцягваўся раней грамадзянін да адмінстрацыйнай адказнасці. Замест гэтага толькі напісана загадкавае для шараговага грамадзяніна скарачэнне «гл. ЕГБД» (пэўна, так абазначаецца адзіная дзяржаўная база дадзеных). Трэба было пісаць: не прыцягваўся. Гэты факт істотна ўплывае на меру пакарання. Грамадзянін Садоўскі — законапаслухмяная асоба. За 80 гадоў свайго жыцця ён толькі два разы быў у судзе. Першы раз, калі выступаў дакладчыкам у Канстытуцыйным судзе як член канстытуцыйнай камісіі (быў членам Прэзідыума ВС) і калі быў заяўнікам прэтэнзій да ВС з прычыны нявыплаты заробку паводле распараджэння Аляксандра Лукашэнкі падчас ягонай першай кадэнцыі. У 1996 годзе быў засведчаны «несяброўскі кантакт» майго кліента з невядомымі прадстаўнікамі сілавых дзяржаўных органаў (судовая справа не даведзена да канца) падчас галадоўкі дэпутатаў апазіцыі БНФ супраць незаконнага рэферэндуму. Тады дэпутатаў збівала і выкідала з будынку ВС невядомае ваенізаванае падраздзяленне ў масках.

  1. Як адвакат, прашу суд пры вынясенні адміністрацыйнага пакарання, калі гэта будзе грашовы штраф, дазволіць г-ну Садоўскаму выплачваць яго працяглым тэрмінам, вылічаючы з пенсіі не больш як 10% штомесячна. Памер ягонай пенсіі — трохі больш за 500 рублёў. Акрамя неабходных сродкаў на харчаванне і лекі яму трэба да ліпеня 2020 г. сабраць сродкі для ўсталявання надмагілля для нядаўна памерлай жонкі.
  2. Прашу паведаміць майму кліенту загадзя пра дату адкладзенага судовага пасяджэння, каб у ягоных сяброў, у тым ліку і былых калегаў па працы — выкладчыкаў, настаўнікаў, дыпламатаў, службоўцаў — быў час праявіць сваю карпаратыўную салідарнасць. Мы ж жывём у дэмакратычнай краіне. Гэты адміністрацыйны працэс мае глыбокі сацыяльна-грамадзянскі характар. У пратаколе запісана: В действиях Садовского П. В. отсутствует состав преступления. Сапраўды, ён нікога не забіў, нічога ў буйным памеры не ўкраў, падчас сваіх выступаў не рабіў антыканстытуцыйных заяваў.

Думаю, усё выкладзенае дае падставы для больш глыбокага разгляду казусу гэтага адміністратыўнага працэсу. Гэта — прыватны выпадак з шэрагу іншых, пра якія грамадства ведае. У кожнага часу ёсць свой Дрэйфус.

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?