19 снежня папа рымскі Францішак прысутнічаў на цырымоніі адкрыцця на сцяне ватыканскага Апостальскага палацу крыжа з прымацаванай да яго ратавальнай камізэлькай у памяць аб уцекачах. Там пантыфік сустрэўся з бежанцамі, якія нядаўна прыбылі гуманітарным калідорам з грэчаскага Лесбаса, паведамляе Vatican News.

Францішак заўважыў, што ніхто не ведае ні імя, ні паходжання чалавека, якому належала камізэлька, выключна каардынаты таго месца ў моры, дзе яна была знойдзена.

Ён зазначыў, што ў хрысціянскай традыцыі крыж — гэта сімвал пакут і ахвяры, але таксама адкуплення і збаўлення, сімвал перамогі Хрыста над смерцю.

«Таксама і невядомы мігрант, памерлы з надзеяй на новае жыццё, удзельнічае ў гэтай перамозе. Ратавальнікі мне распавялі, што вучацца чалавечнасці ад людзей, якіх атрымліваецца выратаваць. Яны падзяліліся са мной, што падчас кожнай місіі па-новаму адкрываюць прыгажосць быцця адзінай вялікай чалавечай сям’ёй, з’яднанай у паўсюдным братэрстве», - падкрэсліў Францішак.

Пантыфік зазначыў, што вырашыў змясціць у Ватыкане «укрыжаваную» ратавальную камізэльку, каб пастаянна памятаць пра маральны абавязак ратавання кожнага чалавечага жыцця, які аб’ядноўвае вернікаў і няверуючых.

«Як можам «праходзіць міма», як святар і левіт з прыпавесці пра Добрага Самараніна, становячыся такім чынам суадказнымі за іх смерць. Наша бяздзейнасць — гэта грэх!» — сцвердзіў Францішак.

Францішак выказаў падзяку ўсім, хто без ваганняў ратуе мігрантаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0