Беларусь і Расія канцэптуальна дамовіліся па энерганосьбітах, цэны вызначаць у найбліжэйшыя дні. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам у Санкт-Пецярбургу, каментуючы сустрэчу з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, піша БелТА.

«Сёння мы даручылі кіраўнікам групы — Крутому і Арэшкіну — праінфармаваць пра тое, якія пытанні знятыя. Натуральна, засталіся самыя складаныя пытанні. Але толькі ў лічбах — энерганосьбіты. Але канцэптуальна дамовіліся, што ў будучым годзе Беларусь купляе ў Расійскай Федэрацыі прыкладна 20 млрд куб.м газу. Абмежаванняў тут няма. Можна і 22 млрд куб.м. З уводам атамнай станцыі, вядома, мы на 4-5 млрд куб.м менш будзем закупляць. Таму па аб'ёмах мы дамовіліся, і па нафце дамовіліся, што купім у Расіі 24-25 млн т нафты. Цэны будуць не вышэйшыя за ўзровень бягучага 2019 года», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, канкрэтныя цэны будуць вызначаны ў найбліжэйшыя дні. «Па нафце на працягу двух дзён будзе цана. А па газе, думаю, 2-3 дні. У аўторак у «Газпроме» спецыялісты сустрэнуцца, і ўжо будуць канкрэтныя лічбы. Але агулам цана застаецца на ўзроўні бягучага года», — удакладніў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0