20 снежня ў Мінску адбылася чарговая акцыя супраць інтэграцыі з Расіяй. У гэты ж дзень адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу.

Арганізатары не атрымалі дазволу ад уладаў. Нягледзячы на гэта, на акцыі прысутнічала каля 2 тысяч чалавек. Спачатку людзі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы. Адтуль яны прайшліся да плошчы Незалежнасці, правялі там мітынг, а затым вярнуліся на Кастрычніцкую плошчу, арганізаваўшы жывы ланцуг.

Сур'ёзных інцыдэнтаў і затрыманняў не было.

21:21. Большая частка ўдзельнікаў акцыі разышлася. На гэтым мы завяршаем наш тэкставы анлайн. Дзякуй за ўвагу!

21:14. Удзельнікі стаяць у жывым ланцугу на Кастрычніцкай плошчы.

20:47.

20:33. Грамадзяне, якія бяруць удзел у акцыі, дайшлі да тусовачнай вуліцы Зыбіцкай. Людзей стала істотна менш, чым было раней.

20:18. Удзельнікі ідуць па Нямізе і скандуюць «Верым! Можам! Пераможам!» і «Далучайся!». Акцыя доўжыцца ўжо больш за 2 гадзіны.

20:05. Удзельнікі акцыі праспявалі гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…». Далей удзельнікі пойдуць вуліцамі горада. Людзі плануюць вярнуцца на Кастрычніцкую плошчу, дзе стануць у жывы ланцуг.

19:50. Палітыкі прамаўляюць у вельмі слабую апаратуру, якасць і ўзровень гука вельмі нізкія. Ззаду людзі нічога не чуюць, пачынаюць сумаваць і часткова разыходзіцца.

Ніякіх затрыманняў і здарэнняў не было.

19:45. Выступілі Мікола Статкевіч, Рыгор Кастусёў, Алесь Чахольскі.

Севярынец кажа, што удзельнікі пасля спеваў пойдуць па вуліцах «нашага Мінска».

19:35. На мітынгу выступаюць «дэпутаты Незалежнасці» Сяргей Антончык і Лявон Баршчэўскі. Паводле назірання «Нашай Нівы», людзей ужо каля 2 тысяч.

19:23. Каля педуніверсітэта пачаўся мітынг. Назіральнікі паведамляюць ужо пра 1600 удзельнікаў.

19:10. Калона дайшла да плошчы Незалежнасці. На плошчы Незалежнасці таксама стаіць ёлка, і таксама іграе гучная музыка. Назіральнікі кажуць пра 1100 удзельнікаў.

19:02. Удзельнікі нясуць плакаты з назвамі гарадоў, адкуль яны прыехалі, а таксама цытатамі класікаў беларускай літаратуры.

18:52. Удзельнікі прайшлі каля будынка КДБ. Сітуацыя застаецца спакойнай. У калоне ідзе Сяргей Высоцкі, лідар колішняй Беларускай партыі свабоды.

Вячаслаў Сіўчык стаў перад КДБ і пачаў прамаўляць: «Дзе Ганчар, дзе Захаранка, дзе Завадскі? Хто забіваў Бябеніна, Чаркасаву?»

Павел Севярынец скандуе «Ганьба!» і патрабуе адкрыць архівы КДБ.

18:42. Пачалося шэсце да плошчы Незалежнасці. Анархісты ў сваю чаргу раздаюць улёткі пра тых людзей, каго яны лічаць палітвязнямі.

18:40 На плошчы ёсць чалавек, які выступае за інтэграцыю Беларусі і Расіі. Актывіст стаіць з сімволікай расійскай чарнасоценнай арганізацыі НОД.

18:30. Людзі скандуюць не толькі антыінтэграцыйныя лозунгі, але таксама выказваюць сваё меркаванне пра тое, што адбываецца ў краіне. Прысутнічае некалькі чалавек з афіцыйным чырвона-зялёным сцягам.

Моладзь слухае і спявае песні гуртоў «Ляпіс Трубяцкой» і Brutto.

18:20. Актывісты арганізоўваюць начлег для людзей з рэгіёнаў. Севярынец сказаў, што плануюць арганізаваць урачыстыя спевы. Палітык просіць не паддавацца на правакацыі. 

Таксама на плошчы знаходзіцца Мікалай Статкевіч, але ён трымаецца ўбаку.

18:17. Некаторыя ўдзельнікі прыйшлі з плакатамі. Актывісты крычаць «Жыве Беларусь» і «Незалежнасць». На плошчы ўжо каля 500 чалавек.

18:11. На плошчу падышоў чалавек у касцюме Дзеда Мароза, і папрасіў не перашкаджаць маленькім дзеткам, якія на плошчы гуляюць з бацькамі.

«АМАП прыедзе і вас забярэ», — кажа Дзед Мароз.

Севярынец пад ручкі вывеў Дзеда Мароза і кажа, што каля 40 хвілін будуць чакаць удзельнікаў.

З палітыкаў на плошчы ёсць Алесь Чахольскі з КХП-БНФ, ён чытае вытрымкі з Канстытуцыі, Рыгор Кастусёў, Анатоль Лябедзька, Алена Анісім.

18:07. Прыйшоў чалавек з сцягам вайскова-марскога флоту СССР. Кажа, што за незалежнасць і сцяг не апусціць.

Міліцыя просіць разысціся ўдзельнікаў. Павел Севярынец кажа, што Канстытуцыя дазваляе сходы.

Удзельнікі гукаюць «Жыве Беларусь». Удзельнікаў ужо некалькі сотняў.

18:00. Сабралася каля 50 удзельнікаў. Сітуацыя спакойная. На плошчы шмат школьнікаў. Некаторыя бацькі са школьнікамі абураюцца.

І кажуць «Мы тут з дзецьмі гуляем, а вы тут акцыі робіце»

Але некаторыя з цікавасцю падыходзяць з дзецьмі.

Беларуская апазіцыя заклікала 20 снежня да чарговай акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй. У гэты ж дзень адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу.

Арганізатары не атрымалі дазволу ад уладаў. Палітыкі і актывісты скардзяцца на ціск і папярэджанні з боку міліцыі, затрыманні некаторых актывістаў і дыскрэдытацыю акцый з боку дзяржаўных СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?