Выстава «Усмешка клоўуна» адкрылася 5 сакавіка ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.

Экспазіцыя арганізавана з прыватнай калекцыі Перасоўнага музею клоўнаў цыркавога рэжысёра‑пастаноўшчыка, заслужанага артыста Расіі Мікалая Чаўнакова.

Як паведаміў на адкрыцці выставы М.Чаўнакоў, у Мінску прадстаўлена больш за 300 клоўнскіх статуэтак з бронзы, керамікі, шкла і іншых матэрыялаў, а таксама карціны, малюнкі і паштоўкі з выявай цыркавых персанажаў.

Усе экспанаты выставы набытыя М.Чаўнаковым падчас гастроляў у розных краінах. Сваю кар’еру рэжысёр‑пастаноўшчык пачынаў як цыркавы акрабат. Пасля гастроляў у цырку Канады з сусветным імем «Cirque du Soleil» і атрыманай траўмы М.Чаўнакоў вярнуўся ў Расію, дзе арганізаваў цырк‑шапіто. Як зазначыў М.Чаўнакоў, калекцыя — працяг яго даўняй мары стаць «Рыжым» і выклікаць у людзей усмешкі.

У рамках мінскай выставы прадстаўлена і паменшаная копія клоуна, якога артыст падарыў Віцебску падчас гастроляў па Беларусі. «Зараз ён стаіць у цэнтры горада, і носік у яго вельмі яркі: людзі прыходзяць, труць яго і загадваюць жаданні. Калі хтосьці жадае, каб было жыццё гарманічнае, ён трэ па гармоніку; калі трэба дадаць грошай, то трэ за спіной — у яго там рублі», — сказаў М.Чаўнакоў. Паводле яго слоў, сярод унікальных экспанатаў выставы — музычныя клоўны з Японіі, клоўн‑брошка з дыяментамі.

Як зазначыў на адкрыцці экспазіцыі дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі Сяргей Вечар, усе работы з аўтарскай калекцыі працятыя ідэяй цырка, які «аб’ядноўвае людзей і зразумелы кожнаму».

У рамках выставы абвешчаны конкурс дзіцячага малюнка. Юным наведвальнікам экспазіцыі прапаноўваецца выказаць свае эмоцыі ад убачанага. Аўтары лепшых работ змогуць бясплатна наведаць цыркавое прадстаўленне.

Выстава будзе працаваць да 15 красавіка. Прыкладна ў гэты жа час у Парыжы адкрыецца экспазіцыя другой часткі калекцыі Перасоўнага музея клоўнаў М.Чаўнакова.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0