Пахаванне крымінальнага аўтарытэта Уладзіміра Бірукова, што адбылося 5 сакавіка ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), прайшло без інцыдэнтаў. Супрацоўнікі міліцыі назіралі за падзеямі на адлегласці.

Жалобная калона рухалася, выконваючы правілы дарожнага руху. У ёй пераважалі машыны сярэдняга класа, з нумарамі Магілёўскай вобласці, але было і некалькі машын расійскай «прапіскі».

Бірукова пахавалі на Мінскіх могілках Бабруйска побач з бацькам і іншымі сваякамі.

Выхадзец Бабруйска Бірукоў, вядомы ў крымінальным свеце пад мянушкамі Бірук або Біра, — найбагацейшы выхадзец з Беларусі, які адносіў сябе да катэгорыі «злодзеяў у законе».
У канцы 1990‑х гадоў уцёк з Беларусі. Яму было прад’яўлена абвінавачанне ў вымантачванні і махлярстве.

У 2003 годзе Бірукоў затрымоўваўся праваахоўнымі органамі Расіі па просьбе беларускага боку, але быў адпушчаны, бо з 2001 года з’яўляўся грамадзянінам Расійскай Федэрацыі і не ўчыняў злачынстваў на тэрыторыі гэтай краіны.

У 2008 годзе Бірукоў быў абвешчаны беларускімі праваахоўнымі органамі ў міжнародны вышук па падазрэнні ў арганізацыі незаконнай скупкі нерухомасці ў Бабруйску. 19 лютага 2009 года яго затрымалі ў Маскве, але на наступны дзень адпусцілі, бо ў расійскага боку прэтэнзій да яго не было. 28 лютага Бірукоў памёр у Маскве ад вострай сардэчнай недастатковасці.

Цела Бірукова было дастаўлена на радзіму вечарам 3 сакавіка. Пахаванне планавалася на 4 сакавіка. Паводле адной з версій, прычынамі пераносу стала правядзенне экспертыз, якія пацвердзілі, што памерлы — Уладзімір Бірукоў.

 Тут жыў Біра, у вялікім цагляным доме, што па вуліцы Дзяржынскага.

Тут жыў Біра, у вялікім цагляным доме, што па вуліцы Дзяржынскага.

Васіль Сямашка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0