15:50

Людзі праспявалі «Магутны Божа», Павел Севярынец ізноў звяртаецца да прысутных. Акцыя заканчваецца

15:31

Людзей паменела, мітынг заканчваецца. Шэсця, па словах Севярынца, сёння не плануецца 

15:20

На плошчы асабліва нічога не адбываецца. Хто хоча, той падыходзіць да мікрафона і выступае. Выступае брат лідара Дзяніса Урбановіча (кіраўніка «МФ») Максім.

На плошчы каля 200 чалавек.

15:05

«Незалежнасць, незалежнасць», — гукаюць людзі.

15:02

Зноў выступае Павел Севярынец, ён кажа, што 26 снежня на нарадзе кіраўнікоў апазіцыі будзе вырашацца, што рабіць далей з пратэстамі. Алесь Чахольскі дадае, што трэба быць гатовым у любы дзень выходзіць на абарону радзімы.

14:52

Выступае адзін з кіраўнікоў КХП-БНФ Алесь Чахольскі. Таксама вельмі крытычна выступае супраць інтэграцыі з Расіяй.

За ім выступае Вячаслаў Сіўчык. Ён кажа: «Я веру ў беларускую моладзь, за ёй будучыня»

Сёння народу значна меней, чым учора і чым 7 снежня.

З'явіўся, здаецца, учорашні «Дзед Мароз». Людзі кінуліся да яго, ён адышоў, раіцца з міліцыяй, што рабіць.

14:45

Выступае грамадская актывістка Алена Талстая.

14:39

Калонкі каля ёлкі ўжо рыпяць, так іх на максімум уключылі, каб не было чуваць прамоўцаў

14:36

«Шлі б вы дадому са сваёй саюзнай дзяржавай», — кажа яму нейкі дзядзька. А ён адказвае, што Беларусь прырасце новымі тэрыторыямі.

14:31

Вельмі шмат моладзі, прычым людзей узросту да 18 гадоў. Яны хаваюць твары за шалікамі, бо супрацоўнікі ў цывільным нахабна іх фатаграфуюць проста ў твар.

14:27

Людзі стаяць на Кастрычніцкай з боку вуліцы Энгельса. Там каля 250 чалавек. Эксперты мяркуюць, што невялікая колькасць тлумачыцца тым, што людзі рэагуюць на знешнія падзеі. Паколькі ўчора Лукашэнка і Пуцін не дамовіліся па прынцыповых пытаннях, таму і патрэбы выходзіць асаблівай няма. 

14:20

Севярынец зачытаў некалькі параграфаў Канстытуцыі, перадаў слова намесніку старшыні КХП БНФ Юрасю Беленькаму. Ён вельмі палымяна выступае: «Спыніцеся [рабіць інтэграцыю]»

14:15

Людзі рушылі да левага боку прыступак Палаца Рэспублікі, каб не замінаць дзецям з бацькамі, што ідуць у будынак на свята. На акцыі ўжо каля 200 чалавек.

Выступае Севярынец: «Свабоду Вінярскаму, Афнагелю, палітвязням»

14:10

Людзі спяваюць «Пагоню»

14:10

Прыйшоў на плошчу Уладзімір Някляеў. Людзі пратэстуюць супраць знявагі, кажа ён. Ён дадае, што яго шакавалі прызнанні Юрыя Гараўскага, які прызнаўся ў саўдзеле да знікненняў Ганчара, Красоўскага, Захаранкі.

Таксама дадае, што перамовы Лукашэнкі і Пуціна падобныя да выпрошвання падачак. «Нельга браць падачкі».

Някляеў у лёгкай куртцы. «Вам не халодна?» — пытаюцца журналісты. «Гэта мая шчаслівая куртка», — адказвае ён.

14:07

Людзі дружна гукаюць: «Жыве Беларусь». Але на плошчы вельмі гучна грае дзіцячая музыка.

14:05

Міліцыянт падышоў і кажа, што акцыя несанкцыянаваная і трэба разысціся. Яго сустрэлі дружным свістам.

На плошчы некалькі дзясяткаў чалавек. Яны ў асноўным гуртуюцца каля праспекта. Нейкі мужчына зазначае, што страшна: «Але што зробіш, трэба ж камусьці бараніць незалежнасць». 

14:01

Павел Севярынец кажа, што пра план акцыі будзе сказана пазней. «Акцыі будуць доўжыцца далей», — кажа ён. Павел адзначае, што ў чацвер будзе нарада кіраўнікоў апазіцыі, каб вырашыць, што далей рабіць. «Будзе мазгавы штурм на некалькі гадзін». Ён вельмі негатыўна ацэньвае ўчорашнія перамовы Лукашэнкі і Пуціна. «28 падпісаных дарожных карт — гэта паглынанне Беларусі», — кажа ён.

13:59

Людзі паціху падцягваюцца. Праўда, нямала людзей з навушнікамі, у цывільным, а таксама журналістаў.

13:55

На плошчы ўжо некалькі дзясяткаў чалавек, некалькі сцягоў.

Прыйшлі кіраўнікі КХП БНФ Юрась Беленькі і Алесь Чахольскі. Мастак Алесь Марачкін. Кажа, у міліцыю не пайшоў прынцыпова.

13:50

На Кастрычніцкай плошчы грае музыка, ходзяць бацькі з дзецьмі: у Палацы Рэспублікі і Палацы прафсаюзаў ідуць святочныя мерапрыемствы. Аднак ужо падцягваюцца ўдзельнікі пратэсту. Пакуль іх некалькі чалавек.

13:45

На Кастрычніцкую плошчу ўжо прыйшоў Павел Севярынец. Ён кажа, што акцыю будуць ладзіць Дэпутаты незалежнасці, а таксама сябры КХП — БНФ.

«Лукашэнка ў пастцы», — каментуе Севярынец учорашнія перамовы Пуціна і Лукашэнкі і заклікае рыхтавацца да акцый у святочныя дні.

Папярэднія акцыі прайшлі 7 і 8 снежня, тады, 7 снежня, Лукашэнка сустракаўся ў Сочы з Пуціным, каб абмеркаваць дарожныя акцыі інтэграцыі. Учора, 20 снежня, калі Лукашэнка сустракаўся з Пуціным у Пецярбургу, прайшла чарговая акцыя пратэсту, прычым яна была больш масавая. Яе ўдзельнікі, сабрашыўся на Кастрычніцкай плошчы, прайшлі шэсцем да Плошчы Незалежнасці, а затым Нямігай да Зыбіцкай.

Трэба таксама ўлічыць, што напярэдадні акцыі міліцыя папярэдзіла дзясяткі патэнцыйных удзельнікаў аб недапушчальнасці ўдзелу ў мерапрыемствах, а дзяржСМІ разгарнулі контрпрапаганду дыскрэдытацыі.

У Мінску зноў пратэставалі супраць інтэграцыі з Расіяй ФОТЫ, ВІДЭА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?