Навукоўцы выявілі выкапнёвыя дрэвы, век якіх складае 386 мільёнаў гадоў. Гэта самы старажытны на сённяшні дзень закамянелы дагістарычны лес. Знаходка апісаная ў часопісе Current Biology.

Аглядаючы закінуты пясчаны кар'ер у мястэчку Каір у штаце Нью-Ёрк (ЗША), навукоўцы выявілі выдатна захаваныя адбіткі каранёвай сістэмы буйных дрэў, якія былі, на думку палеабатанікаў, часткай вялізнага лесу, які рос тут у сярэдзіне дэвонскага перыяду.

Плошча лесу складала як мінімум тры тысячы квадратных метраў. Удалося ідэнтыфікаваць два віды дрэў, што там раслі. Першы - Eospermatopteris - з класу кладаксілапсідаў, дрэвападобных хвашчоў. Другі - Archaeopteris - буйныя расліны з драўняным ствалом, плоскім папарацевідным лісцем і магутнай каранёвай сістэмай, адбіткі якой знайшлі навукоўцы. Даўжыня асобных каранёў дасягае 11 метраў, а таўшчыня - да 15 сантыметраў.

Сярэднедэвонскі лес, відавочна, быў не такім густым, як сучасныя. Асобныя і рэдкія кладаксілапсіды - бязлісцевыя дрэвы вышынёй да 10 метраў з кароткімі галінамі, перамяжоўваліся з археаптэрысамі, падобнымі да хвой, на галінах якіх замест іголак раслі кучаравыя лісты, як у папараці.

Даследнікі адзначаюць, што археаптэрысы былі сярод першых раслін, якія, дзякуючы сваім плоскім зялёным лістам, пачалі актыўна назапашваць вуглякіслы газ з паветра. У выніку да канца дэвонскага перыяду колькасць вуглякіслага газу ў атмасферы зменшылася да сённяшняга значэння.

Усе гэтыя дрэвы размнажаліся спорамі, а не насеннем.

Найстаражытны на планеце лес быў знішчаны паводкай. На гэта паказваюць знаходкі ў тых жа пластах закамянелых рыб. Магчыма, менавіта дзякуючы таму, што каранёвая сістэма раслін закансервавалася ў бескіслародным асяроддзі марскіх ападкавых адкладанняў, яна так добра захавалася.

Окаменевшая корневая система археоптерисов - древнейших на планете деревьев

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0