Аднаго актывіста звольнілі, другі падазрае, што за ім сочаць, яшчэ ў адной праціўніцы завода на працы праходзяць праверкі, піша Брестская газета.

На актывістаў руху супраць будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода «АйПауэр» пасля выбараў узмацніўся ціск. Пра гэта паведаміў адзін з лідараў руху берасцеец Дзмітрый Бекалюк. У пятніцу 20 снежня ён напісаў заяву ў Маскоўскі РАУС з просьбай правесці праверку ў дачыненні да пагроз, якія паступілі на яго адрас з боку чалавека, які называе сябе Вадзім М., у тым ліку канфіскаваць тэхніку ў М. У гэты ж дзень заяву напісала і маці актывіста, якая на мінулым тыдні знайшла ў паштовай скрыні самаробныя ўлёткі, дзе гаворыцца, што яе сын з'яўляецца небяспечным для жыхароў дома. На думку Бекалюка, да гэтага таксама можа быць датычны Вадзім М.

«Гэты чалавек пагражаў мне і раней. Летась пасля званкоў на жывую лінію да старшыні аблвыканкама ён тэлефанаваў мне і прадстаўляўся Дзедам Марозам. Потым пісаў на мяне заяву, што я дыскрэдытую Рэспубліку Беларусь — у дачыненні да мяне праводзілі праверку, парушэнняў з майго боку не знайшлі. Гэтай восенню ён пісаў мне паведамленні, у якіх гаварылася, што мне «праломяць галаву», будуць «мачыць», ішла гаворка пра наркотыкі. А ўлічваючы, што ў нашага актывіста Майсея Мазько знайшлі боепрыпасы, да якіх ён, як было даказана, не мае ніякага дачынення, я расцэньваю гэта як прамую пагрозу свайму жыццю і здароўю», — расказаў Дзмітрый Бекалюк.

Ён нагадаў, за няпоўныя два гады барацьбы ціснулі на шматлікіх актывістаў руху: Таццяну Фесікаву, якую звольнілі з працы пасля мітынгу супраць завода, Майсея Мазько, у машыне якога знайшлі боепрыпасы, завялі крымінальную справу, а потым закрылі яе, Марыю Галалюк, на якую спрабавалі ціснуць праз яе дзяцей, і дзясяткі іншых праціўнікаў завода, якіх затрымлівалі, штрафавалі за актыўную пазіцыю па заводзе. Па словах Бекалюка, за апошні тыдзень ціск на актывістаў актывізаваўся, але цяпер спрабуюць уздзейнічаць і праз сваякоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0