Аляксандр Лукашэнка 26 снежня зладзіў вялікі кадравы дзень. У першую чаргу гэта тычылася раённай вертыкалі. Пра некаторых з чыноўнікаў — у традыцыйным аглядзе «НН».

Ігар Марковіч (Полацкі раён)

Ігар Марковіч у цэнтры.

Ігар Марковіч у цэнтры.

Адзін са старажылаў уладнай вертыкалі. Ігар Марковіч узначальваў Верхнядзвінскі раён на працягу апошніх 12 гадоў. Даўжэй за яго на сёння на пасадах знаходзяцца ўсяго тры вертыкальшчыкі: Вольга Мохарава — у Добрушы, Ян Васілеўскі — у Гродне і Мікалай Арцюшкевіч — у Дзяржынску.

Ігару Марковічу 59 гадоў, ён родам з вёскі Ніжняе Фаміно каля Сар’і Верхнядзвінскага раёна. У дзяцінстве, казаў, сярод захапленняў былі ровары і матацыклы. У Ігара ёсць сястра, яна працуе настаўніцай рускай мовы. Вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках па спецыяльнасці «інжынер-механік». Шаснаццаць гадоў адпрацаваў начальнікам Верхнядзвінскага райаграсэрвісу.

Ігар Марковіч мае дваіх сыноў. Адзін з іх жыве ў Наваполацку, працуе юрыстам. Свой стыль кіраўніцтва ён называе «дэмакратычным». Пасада кіраўніка Полацкага раёна стала вакантнай пасля таго, як былы старшыня Мікалай Шаўчук стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Васіль Шылаў (Верхнядзвінскі раён)

На месца Ігара Марковіча, які перайшоў старшынёй Полацкага райвыканкама, прызначаны ягоны першы намеснік Васіль Шылаў. Мужчыну няма і 40 гадоў. Каранямі сям’я Шылавых з Тамбоўскай вобласці Расіі. Але на Віцебшчыну, у вёску Валынцы, пераехалі, калі Васіль быў яшчэ зусім малы. Тут хадзіў у садок і школу. Вучыўся ў Лужаснянскім аграрным каледжы і Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Потым пайшоў на працу галоўным аграномам у родную гаспадарку «Пруднікі».

«Не ўсё вымяраецца грашыма. І чаго шукаць?! Падацца ў горад? Ну знойдзеш заробак, а жыллё?.. Ды ўсе ў гарады і не ўлезуць. Камусьці патрэбна быць і на вёсцы. А тут — мае бацькі. Тут — мая сям’я. Жонка Таццяна — сацыяльны работнік. Маем дваіх сыноў. Арцёму хутка будзе тры гады, а меншаму Ягорку — паўгодзіка. Гаспадарка выдзеліла нам дабротны катэдж. Калі захочаш, жыць можна, прытым годна і цікава», — казаў ён у адным інтэрв’ю. Але ў выніку ўсё ж падаўся ў раённы цэнтр.

Цікава, што ў Васіля і Таццяны Шылавых адна на дваіх старонка ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Нячаста такое ўбачыш.

Алег Лындзін (Талачынскі раён)

Чыноўніку 54 гады. Да апошняга часу ён узначальваў Дубровенскі райвыканкам, але ў верасні адбыўся дастаткова ўнікальны выпадак. На працу ў Дуброўна вярнуўся былы старшыня райвыканкама Анатоль Лукашоў, які 3,5 года адбыў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Лындзін таксама зарэкамендаваў сябе няблага, таму яму хутка знайшлі працу непадалёк.

Лындзін родам з невялікай вёскі Жалезкава Дубровенскага раёна. Скончыў сельскагасадарчую акадэмію ў Горках. Працаваў галоўным інжынерам у калгасе «40 гадоў Кастрычніку». Быў старшынёй гаспадаркі «Якубава-Агра». Ад 2011 года — першы намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама.

Сяргей Дылюк (Нараўлянскі раён)

Дылюка пераводзяць са значнага большага Мазыра ў меншую Нароўлю, але на больш высокую пасаду. У Мазыры Дылюк быў намеснікам старшыні райвыканкама, адказваў за будаўніцтва. На гэтай пасадзе адпрацаваў восем гадоў.

Да гэтага часу Сяргей Дылюк узначальваў у Мазыры дзяржаўнае паліграфічнае прадпрыемства «Калор». Нават трапляў у скандал, калі на мясцовых выбарах 2010 года адмовіўся друкаваць улёткі апазіцыйнага кандыдата Уладзіміра Целепуна, не хацела тыпаграфія выдаваць улёткі і палітпрызыўніку Франаку Вячорку.

Жонка Сяргея Дылюка таксама працуе ў райвыканкаме. Алена Сцяпанаўна Дылюк — галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Дачка Дар’я ў 2015 скончыла БДТУ, у тым самым годзе пабралася шлюбам.

Генадзь Шатуеў (Карэліцкі раён)

Папярэдні старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шэйбак таямніча знік з пасады дзесьці месяц таму. У розных тэлеграм-каналах нават выказвалася меркаванне, што гэта за здзяйсненне ўчынку, які ганьбіць дзяржаўнага чыноўніка, але афіцыйнага пацвярджэння гэтаму няма.

На месца Шэйбака ў Карэлічы адправілі намесніка старшыні Мастоўскага райвыканкама Генадзя Шатуева, яму 45 гадоў. Шатуеў родам з вёскі Малевічы Шчучынскага раёна, вучыўся ў Гродзенскім аграрным універсітэце. Працаваў брыгадзірам малочнай фермы, галоўным заатэхнікам у калгасе. Ад 2005 года — у Мастоўскім райвыканкаме, адказваў за сельскую гаспадарку.

Генадзь Шатуеў жыве не ў саміх Мастах, а ў вёсцы Правыя Масты, што зусім побач ад раённага цэнтра. Сын Генадзя Ягор Шатуеў вучыцца ў БНТУ на энергетычным факультэце. Калі меркаваць па ягоным інстаграме, то хлопец вялікі прыхільнік кальяна, а таксама цытатаў пра стасункі мужчын і жанчын.

Адзначым яшчэ, што кіраўніком Ашмянскага райвыканкама стаў Уладзіслаў Гершгорын. Апошнія шэсць гадоў Гершгорын быў намеснікам старшыні Слонімскага райвыканкама. Курыраваў пытанні эканамічнага развіцця. Агулам жа ў раённай вертыкалі Гершгорын адпрацаваў амаль 20 гадоў. У свой час быў начальнікам аддзела прамысловасці. Дачка Яна вучыцца ў Слонімскай гімназіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?