Яня Палякова была эмацыйна няўстойлівым чалавекам. Чаму такога чалавека судзілі? Чаму такога чалавека цкавалі ў «СаўБеліі»?

Уся лукашэнкаўская сістэма палітычных рэпрэсій мае на мэце не фізічнае вынішчэнне апанентаў, а таптанне іх гонару. Збэшчаныя, яны будуць самі сабе агідныя, і апусцяць рукі.
Суды за «лаяўся матам», за сімку ад мабільніка… Гэтая сістэма стала канвеерам, тысячы людзей праз яго прапусцілі.

Банальныя словы рэжуць нажом, калі чалавек сыходзіць, але тут не скажаш іначай: Палякова – ахвяра сістэмы. Такая ж ахвяра, як Карпенка ці Ганчар. Яна з таго ж пакутніцкага шэрагу, што і калгаснікі, якія співаюцца і лезуць у пятлю ад безвыходнасці, ад уласнай убогасці побач з мэрсэдэсамі тых, каму на гэтым свеце добра жыць. Кожны з іх гіне па‑свойму, але ўсе ад аднаго і таго ж. Ад растаптанасці на гэтым свеце, у гэткім укладзе.

Моцныя, як Аляксей Шыдлоўскі ці Эніра Браніцкая, выходзяць з судоў пераможцамі.

Палякова была зусім іншым чалавекам. Яна не вынесла сутыкнення з сістэмай.

Яе мала ведалі, яе мала слухалі, а яна таксама плакала за сваю Беларусь, як яна яе разумела, за сваё жыццё, як яна яго разумела.

І Беларусь плача сёння за 33‑гадовую Яню Палякову, як за кожнага калгасніка плача, як за кожную безымянную магілку на бяскрайніх Паўночных могілках, як плача за свой растаптаны гонар. Там, дзе слёзы ўпадуць, там дубы прарастуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?