Старшыня «Прэзідэнцкага спартыўнага клуба» Дзмітрый Лукашэнка разам з сям'ёй узяў удзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Яны наведалі Дзівінскі дзіцячы дом у Кобрынскім раёне, піша БелТА

Выхаванцы ўстановы з цікавасцю паназіралі за тэатралізаваным прадстаўленнем каля ёлкі. Яны спявалі і танцавалі з Дзедам Марозам і Снягуркай, гулялі ў рухомыя гульні. Разам з дзецьмі ў забаўляльнай праграме паўдзельнічалі Дзмітрый Лукашэнка з жонкай і дочкамі. «Хачу павіншаваць усіх з Калядамі і Новым годам, пажадаць міру, дабра і аптымізму. Няхай у вас у наступным годзе ўсё будзе добра», — сказаў старшыня Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Свята па традыцыі завяршылася ўручэннем падарункаў. Акрамя прысмакаў выхаванцам дзіцячага дома перададзены развіццёвыя цацкі. Таксама ўстанова атрымала газонакасілку. Хлопцы цёпла падзякавалі гасцям і падарылі навагоднія сувеніры.

У Дзівінскім дзіцячым доме сёння знаходзяцца 29 выхаванцаў ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Яны жывуць у групах-кватэрах, умовы ў якіх максімальна набліжаны да хатніх. У большасці з дзяцей маці і бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў або па нейкай прычыне не могуць выконваць свае бацькоўскія абавязкі. «Гасцей у нашым дзіцячым доме бывае шмат, асабліва ў Новы год. Дзеці заўсёды з нецярпеннем чакаюць гэтае свята і выканання жаданняў, пішуць лісты Дзеду Марозу. Калі мары спраўджваюцца — для іх гэта найлепшы падарунак, - падкрэсліла дырэктар установы адукацыі Наталля Порхачава. — Сёлета ў нас упершыню адкрылася дашкольная група, таму мы папрасілі зрабіць акцэнт на падарунках для малых. Хочацца напоўніць яе новымі цацкамі, абсталяваннем».

«Акцыя «Нашы дзеці» — вельмі добрая традыцыя. Кожнае дзіця мае права на шчасце, чарадзейства, асабліва напярэдадні Новага года», — лічыць сярэдняя дачка Дзмітрыя Лукашэнкі Дар'я. З ёй цалкам згодная старэйшая сястра Анастасія. Дзяўчына прызналася, што атрымала на свяце ў Дзівіне зарад станоўчых эмоцый і падарыла іх у адказ. «Такія святы важныя для дзяцей. Атмасфера была вельмі ўтульнай, пазітыўнай», - дадала яна.

Сёстры падзяліліся, што ў іх сям'і Новы год з'яўляецца адным з доўгачаканых святаў. «Звычайна ўсе разам збіраемся дома за вялікім сталом, рыхтуем любімыя стравы, глядзім цікавыя праграмы, канцэрты і самі ладзім невялікія прадстаўлення», - распавялі яны. Яшчэ ў сям'і Дзмітрыя Лукашэнкі любяць традыцыю навагодніх прадказанняў, дадала яго малодшая дачка Аляксандра

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0