першую пасля 4-гадовага перапынку.

За апошнія гады сітуацыя ў трэцім сектары Беларусі крыху палепшылася, аднак неабходна вырашыць яшчэ шмат праблем. Такую думку выказаў юрыст і палітолаг Юрый Чавусаў, выступаючы з дакладам на Асамблеі няўрадавых арганізацый 6 сакавіка ў Мінску.

У прыватнасці, зазначыў Чавусаў, у апошнія гады «стала менш актыўнай кампанія па ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў». «У 2007—2008 гадах гучных ліквідацый грамадскіх арганізацый не было. Наадварот, былі выпадкі, калі Міністэрства юстыцыі, падаўшы іскі на ліквідацыю арганізацый, адклікала іх. Напрыклад, так адбылося з Беларускім Хельсінкскім камітэтам», — сказаў юрыст.

Ён таксама зазначыў, што ў чатырохгадовы перыяд з моманту правядзення папярэдняй асамблеі быў прыняты новы закон аб грамадскіх аб’яднаннях. «Многія, у тым ліку я, пабойваліся, што гэты закон стане «расстрэльным» для НУА і пад маркай унясення змяненняў у статуты арганізацый многім з іх будзе адмоўлена ў рэгістрацыі. Аднак нашы апасенні, на шчасце, не апраўдаліся: перарэгістрацыя прайшла ў асноўным спакойна», — сказаў Чавусаў.

Сярод станоўчых змен ён адзначыў і тое, што Міністэрства юстыцыі стала вытрымліваць належны па законе месячны тэрмін для адказу на заявы аб рэгістрацыі новых НУА.

«Самая вялікая праблема — рэгістрацыя грамадскіх аб’яднанняў. Мы нават вырашылі правесці тэст: узялі дзевяць незарэгістраваных арганізацый самай рознай скіраванасці і паспрабавалі іх зарэгістраваць. Восем з іх, так ці інакш, праз паўторную падачу дакументаў, праз выпраўленне памылак, праз суды, але атрымалі рэгістрацыю. Так што цяпер рэгістрацыйны бар’ер становіцца пераадольным», — канстатаваў Чавусаў.

Разам з тым, зазначыў ён, галоўным крытэрыем для рашэння аб рэгістрацыі або нерэгістрацыі НУА з’яўляецца палітычны фактар. «Калі ў Мінюсце бачаць у спісах заснавальнікаў грамадскай арганізацыі людзей, якія актыўна ўдзельнічалі ў палітычнай дзейнасці, яркіх апанентаў улады, то пры рэгістрацыі ўзнеікаюць вялікія цяжкасці», — сказаў юрыст.

Паводле яго слоў, трэцяму сектару трэба будзе вырашыць яшчэ вельмі шмат праблем. «Летась былі адменены паніжальныя каэфіцыенты арэнды для няўрадавых арганізацый, сумы арэнды офіса сталі для многіх непад’ёмнымі. Застаецца актуальнай праблема спонсарскай дапамогі — фактычна яна забаронена. Значна пагоршылася сітуацыя з рэгістрацыяй фондаў у Беларусі», — заявіў Юрый Чавусаў.

На сёння Асамблея няўрадавых арганізацый з’яўляецца незарэгістраваным аб’яднаннем. 7 лютага 2009 года прайшоў устаноўчы з’езд асацыяцыі «Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый». 6 сакавіка дакументы на рэгістрацыю асацыяцыі пададзены ў Міністэрства юстыцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?