Дзяржаўная аўтаінспекцыя плануе адмовіцца ад выкарыстання ручных радараў. Пра гэта паведаміў сёння журналістам міністр унутраных спраў Юрый Караеў, перадае БелТА.

Юрый Караеў расказаў, што ў Беларусі ўжо абмежавалі выкарыстанне мабільных камер фотафіксацыі. Гэтаму рашэнню ўжо два тыдні, пакуль што яно не прывяло да ўсплёску парушэнняў хуткаснага рэжыму, заўважыў міністр.

«Былі скаргі на тых супрацоўнікаў ДАІ, якія спынялі і паказвалі: «Ты ехаў 80 км/г». А раптам прыбор не правераны або стары. У грамадзян узнікаў часам сумнеў. І была такая колькасць скаргаў, што мы вырашылі адмяніць мабільныя радары. У нас хапае стацыянарных, — растлумачыў Юрый Караеў. — Можа, адыдзем наогул ад гэтых мабільных радараў, якія інспектары ДАІ носяць з сабой».

Ён таксама расказаў пра нараканні на мабільныя датчыкі, якія ўсталёўвае аператар «Бяспечныя дарогі Беларусі». Многія грамадзяне выказвалі меркаванні, што такія камеры выкарыстоўваюць спецыяльна дзеля грошай, бо часта іх можна выявіць у такіх месцах, дзе з-за дарожных умоў не парушыць хуткасны рэжым немагчыма.