Камісія па этыцы «Беларускай асацыяцыі журналістаў» разгледзела заяву галоўнага рэдактара газеты «Наша Ніва» Ягора Марціновіча.

Па меркаванні заяўніка, у публікацыі «Дело журналиста Ч. Этична ли публикация «Нашай Нівы», змешчанай 13 снежня на сайце Media IQ, парушаны шэраг палажэнняў Кодэкса журналісцкай этыкі БАЖ. Пры гэтым заяўнік спасылаецца на Кодэкс журналісцкай этыкі БАЖ, згодна з каторым «журналіст павінен прыкласці максімум намаганняў для атрымання інфармацыі з усіх магчымых крыніцаў для таго, каб пераканацца ў яе паўнаце, дакладнасці і бесстароннасці».

Аднак пры падрыхтоўцы публікацыі рэдакцыя сайта Media IQ не прадаставіла слова рэдакцыі «Нашай Нівы». А пасля публікацыі адмовілася выправіць памылку, якая змяшчаецца ў наступным сцвярджэнні медыяэксперта Анатоля Гуляева: «Чаму мы павінны верыць «Нашай Ніве»? Я дзевяць гадоў быў старшынёй камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў, а «Наша Ніва» ўвесь гэты час была чэмпіёнам па парушэнні этыкі. Па яе публікацыях камісія прыняла шэраг рашэнняў — усе, за выключэннем аднаго, не на яе карысць. І ні адной не было аспрэчана, нават абскарджана. І верыць чэмпіёну па парушэнні прафесійнай этыкі мне асабіста не хочацца».

Аднак за апошнія тры гады апублікаваныя як мінімум дзве пастановы Камісіі па этыцы за подпісам спадара Гуляева аб адсутнасці ў разгледжаных публікацыях «Нашай Нівы» парушэнняў прафесійнай этыкі.

Камісія па этыцы канстатуе: у згаданай публікацыі сайта Media IQ ад 13 снежня 2019 года сцвярджэнне медыяэксперта Анатоля Гуляева, што «Наша Ніва» «…ўвесь гэты час была чэмпіёнам па парушэнні этыкі. Па яе публікацыях камісія прыняла шэраг рашэнняў — усе, за выключэннем аднаго, не на яе карысць», не адпавядае рэчаіснасці.

Камісія па этыцы БАЖ адзінагалосна пастанавіла: У публікацыі сайта Media IQ «Дело журналиста Ч. Этична ли публикация «Нашай Нівы»» дапушчана парушэнне прафесійнай этыкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0