Чарговую акцыю пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй праводзяць у Мінску 29 снежня. Частка арганізатараў цяпер адбывае адміністрацыйны арышт.

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец заклікаў сабрацца ў нядзелю, 29 снежня, а 12-й на Кастрычніцкай плошчы і прайсціся шэсцем па праспекце да станцыі метро «Маскоўская» і вярнуцца назад.

Сам Севярынец, які заклікаў на гэтую акцыю, цяпер за кратамі.

Агулам «на сутках» за акцыі супраць інтэграцыі ​7, 8, 20 і 21 снежня 6 апазіцыянераў.

У сваю чаргу аргкамітэт «Кампаніі ў абарону незалежнасці» прапанаваў усім ахвотным замест шэсця ўстаць у «жывы ланцуг».

Удзельнікаў сёння мала. На Кастрычніцкай плошчы сабраліся каля 100 чалавек. Есць некалькі бел-чырвона-белых сцягоў. З палітыкаў прысутныя Вольга Кавалькова, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Казлоў.

Людзі проста стаяць: хто прыйшоў адзін — той адзін і стаіць, хто са знаёмымі — гурткамі.

Удзельнікі прынеслі фотаздымкі тых, каго пасадзілі на суткі за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі, і запатрабавалі іх вызвалення.

Перад прысутнымі выступілі усе ахвотныя ў фармаце «адкрытага мікрафона».

Пазней удзельнікі акцыі пайшлі кароткім шэсцем уздоўж праспекта Незалежнасці ў бок плошчы Незалежнасці. Вячаслаў Сіўчык выгуквае імёны зняволеных палітыкаў і разам з пратэстоўцамі патрабуе ім свабоды. Калона гукае «Жыве Беларусь» і «Далучайся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?