Па просьбе «Нашай Нівы» свае думкі на інтэрв’ю міністра адукацыі Ігара Карпенкі напісаў Яўген Лівянт — рэпетытар па матэматыцы i фiзiцы, вядомы сваім неардынарным бачаннем праблем беларускай адукацыі.

Яўген Лівянт. Фота — Аляксандр Васюковіч, «Імена».

Яўген Лівянт. Фота — Аляксандр Васюковіч, «Імена».

«Вельмі шкада, што ў такім гіганцкім інтэрв’ю міністр не расказаў пра сутнасць праблем, а ці то адмахваўся, ці то саскокваў з абмеркавання сур’ёзных выклікаў», — мяркуе сп. Лівянт.

Далейшыя яго развагі мы разбілі па блоках.

Пра запоўненасць класаў і наборы ў ВНУ:

Міністр кажа пра Каменную Горку, але ён проста схільны даваць простыя адказы на складаныя пытаннi.

Ён хіба не ведае, што і ў многіх «старых» раёнах гарадоў у класах больш чым 30 чалавек? У тым ліку ў гімназіі №8 Віцебска, дзе Карпенка зусім нядаўна быў — там, акрамя першай і другой зменаў, ёсць нават прамежкавая змена.

Так, у нас сканчаецца дэмаграфічная яма: 10—11 класы яшчэ ў ёй, але выхад ужо пачаўся, колькасць вучняў павялічваецца.

Напрыклад, сёлета школу скончыла каля 55 тысяч школьнікаў, а ў першыя класы пайшло больш за 100 тысяч.

І гэта кажа пра тое, што пытанне напоўненасці класаў будзе ўставаць усё больш востра. Адзначым і яшчэ адну праекцыю: ёсць школы, якія карыстаюцца вялізным попытам у бацькоў праз высокі ўзровень адукацыі.

Бярэм вядучыя школы Мінска, скажам, гімназіі №1, №29, №50. Там сёння па 30—35 вучняў у класе. Гэтыя школы ў старых раёнах Мінска! Але там жа, побач, ёсць школы, запоўненыя на 70% — туды бацькі проста не хочуць аддаваць сваіх дзяцей.

І ясна, што трэба будаваць новыя школы, але гэта таксама не адзінае рашэнне — за апошнія гадоў дзесяць у школах стала на 25% менш настаўнікаў, іх не хапае.

А да таго ж, дзе браць не проста настаўнікаў, а прафесійных настаўнікаў, каб школы з імі не стаялі пустымі? Гэта вельмі цяжкія пытанні.

Ну і прывязка ў новым Кодэксе аб адукацыі колькасці класа да плошчы памяшкання — дайце не пагадзіцца: я думаў, што колькасць класа, у першую чаргу, мусіць вызначацца наяўнасцю настаўнікаў, якія могуць, хочуць і маюць магчымасць якасна выконваць сваю работу.

Са свайго досведу я ведаю, што вучні ў старэйшых класах рознага ўзроўню: ад моцных, добра падрыхтаваных да слабых, якія не ўмеюць нават складваць дробы. І ты мусіш працаваць з усімі адначасова.

Гэта патрабуе падрыхтоўкі, ведаў і сіл.

Да таго ж, за апошнія гады дзеці сталі больш разнастайнымі ў сваіх псіхалагічных рэакцыях, а сярэдняя кваліфікацыя настаўніка зменшылася.

З маіх эмпірычных назіранняў: ад 20 да 25 чалавек у класе — нармальна, 26—30 чалавек — прымальна. Калі больш за 30, — гэта ўжо немагчыма якасна працаваць, дзеці некантраляваныя. А тут: «прывяжам да плошчы»!

Пра наборы ў «настаўніцкія» і «аграрныя» класы:

Я не разумею, пра якіх матываваных выпускнікоў педкласаў ідзе гаворка.

Гэтыя выпускнікі паступаюць у ВНУ не здаючы ЦТ — вось і ўся іхняя матывацыя. Чакаць, што выпускнікі, якія спужаліся здаць ЦТ, стануць выдатнымі настаўнікамі, могуць, па-мойму, толькі крывадушнікі або наіўныя людзі.

Да таго ж, выпускнікі педкласаў не абавязаны ісці ў педагагічныя ВНУ, а калі пайшлі — яны мусяць адпрацаваць яшчэ 5 год, таму рэальная колькасць такіх абітурыентаў невялікая.

І тут таксама няма простага рашэння!

Сёння прэстыж прафесіі катастрафічна нізкі, я нават не ведаю, ці засталося тут увогуле слова «прэстыж».

Гаворка не толькі пра заробак, але і пра агульнае стаўленне да настаўніка як да дапаможнага персанала: у рэальнасці, апроч таго, што ён праводзіць урокі, настаўнік мусіць выконваць масу неўласцівых абавязкаў.

Іх можна пералічваць да бясконца: яны пішуць неймаверную колькасць папер, водзяць дзяцей на нейкія дзіўныя мерапрыемствы, арганізуюць і кантралююць харчаванне школьнікаў, наведваюць сем’і дома, правяраюць пажарныя сігналізацыі, дзяжураць на скрыжаваннях і на пляжах, каб дзеці не танулі, яны мусяць рабіць рамонты ў кабінетах і забяспечваць падпіску на выданні, якія падпісчыкі не чытаюць.

Настаўнікі ўсім павінны і павінны…

Гэта ўсё дэвальвуе ў вачах грамадства, у тым ліку і саміх абітурыентаў, і іх бацькоў, значнасць прафесіі.

Чаму міністр не кажа, што настаўнікаў трэба найперш вызваліць ад неўласцівых абавязкаў, каб яны займаліся толькі выкладаннем? Катэгарычна толькі выкладаннем!

А замест гэтага вар’яцкага дакументаабароту хай бы педагог нават не толькі вучнямі займаўся, хай бы ён сваёй сям'і гэты час прысвяціў.

Вось што дасць прыбаўкі ў сацыяльным статусе.

У Казахстане нядаўна быў прыняты закон «Аб статусе педагога». У ім прадугледжана сур'ёзная адказнасць, у тым ліку нават вельмі буйны штраф, за прыцягненне настаўніка да выканання неўласцівых яму абавязкаў.

А пра аграрныя класы я скажу так: чалавек, які не здольны пры новай сістэме ацэньвання здаць ЦТ на 40 балаў, не канкурэнтны ўвогуле, ён ніколі не здолее атрымаць вышэйшую адукацыю, нават калі яго тройчы залічаць у ВНУ без конкурсу.

Агаваруся, што я з вялікай павагай стаўлюся да тых, хто працуе ў сельскай гаспадарцы.

Гэта высокапрадуктыўная і цяжкая работа, дзе ўжо даўно трэба выкарыстоўваць новыя тэхналогіі. А для гэтага ў кіраўнікоў і інжынераў павінен быць высокі ўзровень адукацыі.

А што прапануе міністр? Браць у аграрныя класы ўсіх ахвотных, нават тых, хто не здольны адпавядаць ніякім патрабаванням, а затым прымаць іх у ВНУ.

Трэба разумець, што такія вучні з аграрных класаў ні яму, ні сельскай гаспадарцы ўвогуле не дапамогуць. Трэба стварыць умовы, каб туды пайшлі здольныя да навучання маладыя людзі, а не разважаць «а давай набярэм абы-каго, мо з каго што атрымаецца».

Пра кантроль ведаў

Тыя, хто ведае, як праводзяцца «міністэрскія кантрольныя работы», пра якія кажа Карпенка, мякка кажучы, скептычна паставіліся да гэтых слоў — вынікі малююцца, ацэнкі малююцца.

А размовы пра сумяшчэнне выпускных і ўступных экзаменаў працягваецца ўжо некалькі гадоў, бо, напэўна, стане вядомы сакрэт Полішынэля аб узроўні ведаў выпускнікоў — частцы з іх атэстаты наогул нельга будзе выдаваць!

Вось глянем на суседзяў: у Польшчы і Расіі гэты страх пераадолелі і сумясцілі экзамены.

Напрыклад, у Польшчы сёлета каля 25% выпускнікоў не здолелі здаць выпускны экзамен — пра гэта пішуць у польскіх СМІ, людзі рыхтуюцца дадаткова, праблема прызнаецца і вырашаецца.

У тым ліку, мэры Варшавы, Катавіц, іншых гарадоў ужо запрасілі на работу настаўнікаў з Беларусі, Украіны і Расіі. Ім прапанавалі прывабныя ўмовы працы.

А ў нас праблема не прызнаная, таму якія там міністэрскія кантрольныя і пра што яны кажуць міністэрству?

Нават у Расіі ўвялі незалежныя праверкі і спусціліся з імі ўжо да 5 класа, не кажучы толькі пра 9 і 11.

Гэта задае нейкія патрабаванні да ўзроўню ведаў, ад чаго залежыць рэйтынг школы і заробкі настаўнікаў, як вынік.

А ў нас узровень паспяховасці школы ні на што не ўплывае, рэальны ўзровень не вызначаецца, складваецца ўражанне, што веды — гэта не галоўнае, а таму школы — гэта такая сацыяльная «ператрымка», як кажуць пра жывёл, — пункты часовага знаходжання дзяцей пад кантролем дарослых.

І выпускнікі многіх школ не ведаюць зусім нічога, зусім.

Нейкія міністэрскія кантрольныя не дапамогуць, тут патрэбна, як кажуць, «дарожная карта» рэформ з грунтоўным тлумачэннем.

Бо ў тых жа эстонцаў, палякаў, расіян, казахаў — цэлая стратэгія на дзясяткі гадоў. Яны не за адзін дзень дамагліся свайго выніку.

І што мяне больш за ўсё выбешвае (я гэтае слова спецыяльна падкрэсліваю!), што ў нашай адукацыі ўсё гавораць і гавораць, гавораць і гавораць, а нашы суседзі ўжо робяць і робяць, робяць і робяць. Яны спачатку робяць, а потым гавораць, а ў нас спачатку гавораць, а потым нічога не робяць.

Пра гатоўнасць дапамагаць у акрэдытацыі ІТ-універсітэта:

Я ўяўляю, што там будзе за дапамога! Я не бачу прычын лічыць, што Мінадукацыі выпусціць з рук манаполію на вышэйшую адукацыю, гэта пытанне іх выжывальнасці — а раптам усе ўбачаць, што можна працаваць больш эфектыўна?

Я патлумачу, як у нас сёння адбываецца акрэдытацыя школ. Галоўныя крытэрыі, як я казаў вышэй, — гэта не якасць адукацыі, галоўнае, каб быў асобны будынак і агароджаная тэрыторыя вакол яго.

Далей у палажэнні прапісана колькасць пісуараў на колькасць навучэнцаў, колькасць унітазаў, абавязкова — гарачае харчаванне.

А што нават у прыватных школах ЗША, Швейцарыі ці Англіі дзіцё можа прыйсці на ўрокі з ланчбоксам, у якім ляжыць тое, што сабрала яму маці, — ну дык гэта ж не па-людску, у нас лічыцца, як быццам нейкія бацькі змогуць паклапаціцца пра сваіх дзяцей горш, чым Міністэрства адукацыі.

Але безадказныя бацькі, безумоўна, ёсць, вось аб іх дзецях і трэба праявіць асаблівы клопат.

Я быў у найлепшай на той момант (у 2015 годзе) школе ЗША. Паездку арганізоўвалі амерыканцы, з Беларусі было 4 чалавекі, у тым ліку начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства. Дык вось, там 9 класы вучыліся на цокальным паверсе ў музеі навукі Клiўленда, 10—11 — на тэрыторыі завода Джэнерал Электрык, 12 — у будынку ўніверсітэта.

І свет не перакуліўся ад гэтага, школа — найлепшая. А ў Беларусі яе б проста не акрэдытавалі.

І мая думка, што не сабатаваць адкрыццё ІТ-універсітэта — гэта пустое абяцанне, яны будуць зацягваць яго акрэдытацыю на гады.

Пра колькасць тых, хто выязджае вучыцца за мяжу

Я нічога не зразумеў з ягоных словаў: у 2018-м з’ехалі толькі 857 чалавек, а ў 2013-м толькі ў Расію 4378? Каго міністр спрабуе падмануць?

Наколькі я ведаю, з выпускных класаў Гродзеншчыны і Брэстчыны ў Польшчу выязджае да 40% выпускнікоў.

Канечне, і з Мінска ад’езд масавы, і з абласных цэнтраў.

Шмат ад’язджаюць і ў Расію, і ў Чэхію, і ў Германію… Адкуль увогуле ў яго гэтыя лічбы? Я не разумею, дзеці што — на ўлік становяцца ў Міністэрстве адукацыі? Паехалі дый паехалі. Пры гэтым я ўпэўнены, што пра сапраўдныя масштабы выезду ў Міністэрстве адукацыі ведаюць, але не кажуць.

Аб прыватнай адукацыі

У міністра пытаюцца, ці трэба яе развіваць, а ён: «Шчыра, не ведаю».

Уявіце цяпер, што ў міністра аховы здароўя пытаюцца, ці трэба нам развіваць прыватную медыцыну, а той «Шчыра, не ведаю», або міністр сельскай гаспадаркі не цікавіцца, як там ідуць справы ў «Савушкавага».

Прыватная адукацыя — гэта не толькі рэпетытары, гэта не толькі фізіка і матэматыка, гэта i танцы, i музыка, i замежныя мовы, i многае іншае.

Ва ўсім свеце адукацыйны бізнэс расце шалёнымі тэмпамі.

Якая была першая заява міністра адукацыі Эстоніі пасля агучвання высокага месца краіны ў PISA? Ён сказаў, што Эстонія будзе гэта выкарыстоўваць, каб прадаваць сваю адукацыю і павялічваць экспарт, зарабляць грошы.

А наш: «Шчыра, не ведаю». А я не ведаю, як гэта каментаваць!

Пра псаванне паперы

Чытаеш Карпенку, і здаецца, што гаворка не пра тое, што вар’яцкі дакументазварот паралізуе работу школ, а пра тое, што гэтыя дакументы мусяць рыхтаваць дырэктары і завучы?

Як на мой погляд, дырэктар і завуч таксама настаўнікі і павінны частку працоўнага часу аддаваць вучням і настаўнікам, арганізоўваць і кантраляваць іх работу, прынамсі, так было ў савецкай школе і, да нядаўняга часу, у беларускай.

Дарэчы, я нядаўна выкладваў фатаграфію са спісам справаздач, якіх патрабуюць ад настаўнікаў. Ужо шмат год Мінадукацыі ківае на выканкамы, выканкамы — на Мінадукацыі, а настаўнікі працягваюць займацца папяровымі глупствамі.

Ёсць жа побач пазітыўныя прыклады: я — індывідуальны прадпрымальнік з 2001-га і сумленна плачу падаткі.

З 2001-га колькасць падатковых інспектараў скарачалася і скарачалася. Як я гэта зразумеў? Мой інспектар абслугоўваў спачатку два дамы, потым цотны бок вуліцы, потым усю вуліцу, цяпер раён. І гэта падаткі — там важныя дакументы, гэта грошы. А паперамаральніцтва нават там скарачаецца!

Але колькасць бессэнсоўнага дакументазвароту ў адукацыі — не!

І разумееце, ён бессэнсоўны, яго нават ніхто не чытае. Настаўнікі нешта пішуць, спісваюць адзін у аднаго, а яго ніхто не чытае!

Даходзіць да таго, што наймаюцца спецыяльныя людзі за кошт прэміяльнага фонду, або настаўнікі скідваюцца, і калі ідзе праверка, падкрэслю — не фінансавая, а праверка гэтай усёй пісаніны, — людзі за грошы складаюць гэтыя справаздачы (такі своеасаблівы паперкавы аўдыт). Сітуацыя абсалютна дурная.

415 тысяч чалавек занята ў адукацыі, менш за 200 тысяч з іх — настаўнікі і выкладчыкі. Хто такія астатнія? Ніхто не разумее, хто гэта.

Раней адзін бухгалтар без камп'ютара абслугоўваў больш за 10 школ і дзіцячых садкоў, а цяпер на адну школу — 2-3 бухгалтары.

Што яны ўсе там лічаць? І кожная такая дробная нявырашаная праблема цягне гіганцкія наступствы.

Пра рэформу ЦТ і варожасць з рэпетытарамі

Я чытаю чарговае агучванне мантры пра нейкую міфічную «сусветную методыку» падліку балаў ЦТ, але ніводнай спасылкі на ўжыванне ў іншых краінах.

Даходзіць да анекдотаў: новы дырэктар РІКЗ кажа журналістам, што методыка ўжываецца ўжо 100 гадоў. Вы там усе з глузду з’ехалі? Усе сучасныя методыкі правядзення тэставанняў вымагаюць выкарыстанне камп'ютараў, якія сто гадоў?

Не веру ніводнаму слову!

Напрыклад, у Польшчы лічаць так: кожнаму заданню адпавядае загадзя вядомая колькасць балаў, яны суміруюцца.

У Расіі аналагічна з папраўкай, што вынік пералічваецца ў 100 бальную сістэму. А што адбылося ў нас?

Тлумачу яшчэ раз: у нас скасавалі залежнасць колькасці балаў ад цяжкасці задання. Усе заданні каштуюць аднолькава — у частцы А па адным бале ад элементарных да складаных, у частцы Б — па 2 балы ад простых да алімпіядных.

І з методыкай падліку было так, што раней тыя, хто не ведаў і ўгадваў, набіралі не больш за 12 балаў са 100, а цяпер вучні, якія гэтак жа ўгадваюць, — ад 40 да 50.

Але ўмовы памяняліся і для тых, хто хоча набраць вялікія балы. Для іх, чамусьці, сітуацыю пагоршылі — цяпер кожная памылка тых, хто набліжаецца да вышэйшых вынікаў, каштуе 4-6 балаў.

І наогул, усе апошнія рэформы шкодзяць менавіта добрым вучням. Адно скасаванне гімназій чаго варта!

Таму «мы паднялі сярэдняка» — лухта абсалютная. Не сярэдняка паднялі, а паднялі таго, хто ўвогуле нічога не ведаў.

Такія набіралі ад 40 да 60 балаў — вось у чым катастрофа! Сёлета па 50 балаў панабіралі тыя, каму ў школе і 3 балы было б злачынствам ставіць.

І пры чым тут увогуле рэпетытары? Карпенка не ведае сітуацыі — з гэтага года колькасць работы ў нас зноў вырасла. У нашым цэнтры — на 30%.

І калі б толькі ў нашым, то я б сказаў, што гэта мы такія геніяльныя, але не — калегі кажуць пра тыя ж самыя лічбы прыросту.

Ёсць простая заканамернасць: кожная чарговая недарэчная рэформа ў адукацыі прыводзіць да павелічэння работы ў рэпетытараў.

Чым я гэта тлумачу? Тым, што бацькі бачаць, куды коціцца адукацыя. І што яны робяць тады? Ідуць да прыватных выкладчыкаў.

Вось Карпенка кажа, што ў яго са мной няма ніякага канфлікту.

Можа быць, але на старонцы Мінадукацыі ў фэйсбуку ёсць артыкулы пра мяне, поўныя абраз і паклёпаў, напісаныя ягоным пісарчуком Лазуткіным.

А са словаў работнікаў Мінэканомікі, умовай прыходу чыноўнікаў Мінадукацыі на круглы стол па праблемах адукацыі было ануляванне майго запрашэння.

І гэтак жа з тэлеканаламі: БТ, АНТ, СТБ запрашалі мяне на ток-шоу, але за два дні выбачаліся, маўляў, або Лівянт, або прадстаўнік Мінадукацыі. Хлусіць Карпенка!

Ён мне кажа ў інтэрв’ю: «Хай возьме і напіша падручнік!».

Гэта прымітыўны папулісцкі падыход. Падручнікі пішуцца не за месяц і не за год і не адным-двума чалавекамі, а камандай спецыялістаў.

Але галоўнае ў іншым: нельга напісаць добры падручнік па дрэнных незбалансаваных праграмах, якія, да таго ж, дрэнна суадносяцца паміж рознымі прадметамі. І яшчэ адзін вельмі важны аспект. Падручнікі павінны праходзіць рэальную (падкрэслю — рэальную) апрабацыю і рэцэнзаванне, а не выпякацца — і адразу на прылавак, як гарачыя піражкі.

Я скажу больш — рэпетытары, у тым ліку і я, сёння па нашых падручніках ні фізіку, ні іншыя прадметы са сваімі вучнямі не вывучаюць.

Пра «Электронную школу» і электронныя журналы

Адказ пра электронную школу пачну здалёк — з абяцання ўвесці электроннае залічэнне ў ВНУ.

Нават рэформу з адменай льгот для дзяцей-сірот і інвалідаў правялі для гэтага, бо ніяк яны ў электроннае залічэнне не ўпісваліся. Недзе з 2008 года абяцаюць гэты электронны цуд, потым абяцанкі пераносілі на год, потым яшчэ на год. А недзе з 2014 і абяцаць перасталі.

А што датычыць школы, то гэта асобная песня: колькі ўжо гадоў праекту «Электронная школа», колькі дзяржаўных грошай «засвоена», колькі разоў працягвалі тэрмін рэалізацыі, а, па сутнасці, не зроблена нічога.

У эстонцаў ужо гадоў з дзесяць ніякіх папер няма нават у школах на нейкіх хутарах, а ў нас усё: «заўтра, заўтра». Толькі калі нейкая выстава, то ўжо нешта паказваюць, відаць, каб не пасадзілі ў турму.

І трэба разумець, што электронная школа — гэта не толькі скасаванне папяровых дзённікаў і журналаў. Гэта і адукацыйныя праграмы, і нармальны інтэрнэт, а ў нас амаль увесь софт ў школах пірацкі, і адукацыйныя праграмы ёсць толькi на паперы. Ну што тут сказаць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0