Сёння суд Заводскага раёна вынес прысуд былому генеральнаму дырэктару мінскай кампаніі-забудоўшчыка «Тамбаз» Льву Хаюціну, які абвінавачваўся ў службовай нядбайнасці і злоўжыванні ўладай. Ён прыгавораны да шасці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. «Тамбаз» не змог дабудаваць ЖК «Аркадзія» нягледзячы на тое, што дольшчыкі аплацілі свае кватэры, піша Tut.by.
Сталічны забудоўшчык «Тамбаз» аж да лета 2017 года меў бездакорную шматгадовую рэпутацыю. Але калі спынілася будаўніцтва двух жылых дамоў у комплексе «Аркадзія», трымальнікі аблігацый забілі трывогу. Забудоўшчык некалькі разоў абяцаў аднавіць будаўніцтва, але гэтага не здарылася. Уладальнікі недабудаваных кватэр запісалі некалькі відэа-зваротаў да Лукашэнкі, а таксама напісалі ва ўсе інстанцыі з патрабаваннем праверыць «Тамбаз».
Вынікам праверкі і стала завядзенне крымінальнай справы ў дачыненні да Льва Хаюціна, а таксама змяшчэнне яго пад варту ў снежні 2017 года. Яго абвінавацілі па арт. 428 (Службовая нядбайнасць) і ч. 3 арт. 424 (Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) КК Беларусі.
У ходзе следства было ўстаноўлена, што ў перыяд кіраўніцтва «Тамбазам» Хаюціным і па яго ўказанні больш за 21 мільён беларускіх рублёў былі выдаткаваныя на заканчэнне будаўніцтва аб'ектаў 3-ці чаргі (два жылыя дамы, адміністрацыйна-гандлёвыя памяшканні 3-ці чаргі) і бягучую гаспадарчую дзейнасць «Тамбаза», а пазасталыя грошы — больш за 42 мільёны рублёў — на будаўніцтва аб'ектаў 2-й і 4-й чаргі, узвядзенне якіх не завершана ў сувязі з адсутнасцю ў кампаніі сродкаў і крыніц фінансавання.
У выніку названых дзеянняў Хаюціна СТАА «Тамбаз» не выканала прынятыя на сябе абавязацельствы па будаўніцтве і выдзяленні 639 кватэр і двух машына-месцаў 615 уласнікам жыллёвых аблігацый (606 грамадзян і 9 суб'ектаў гаспадарання).
Агульная шкода, прычыненая «Тамбазам», склала больш за мільён рублёў.
У ходзе следства пацярпелымі былі прызнаныя 606 чалавек (трымальнікі жыллёвых аблігацый, якія цалкам аплацілі свае кватэры ў ЖК «Аркадзія») і 9 суб'ектаў гаспадарання.
Падчас судовых пасяджэнняў Леў Хаюцін патлумачыў, што перашкодзіла дабудаваць дамы: спыненне будаўніцтва і, як следства, абгрунтаваныя хваляванні дольшчыкаў, а следам - шматлікія праверкі, якія пацягнулі за сабой крымінальную справу.
У сваім апошнім слове Леў Хаюцін заявіў, што не лічыць сябе вінаватым. Гэтак жа ён падкрэсліў, што калі б не праверкі, то да 2020 года ўсе дамы былі б дабудаваныя, і грамадзяне бы нічога не даплачвалі.