Адамовіча пасадзілі, ён выйшаў з турмы, ён рот сам сабе зашываў, ён уцёк у Нарвегію, ён са сметнікаў харчуецца, яго разфрэнджваюць з-за надакучлівага безпадстаўнага пантаванне… Адамовіч Славамір… Чаму пра яго думаюць і гавораць? Чаму не пра Міхася Скоблу, які зрабіў грунтоўную анталогію беларускай паэзіі двадцатага стагоддзя?

Дубавец п’е, п’яны за руль садзіцца, ён гоніць халтуру на радыё і на інфармацыйных сайтах, ён задае самому сабе пытанні, на якія не ведае адказаў, ён флудзіць у нэце пад рознымі мянушкамі, у ягонай творчасці шмат хто разчараваўся… Сяргей Дубавец… Чаму столькі размоў пра яго, а не пра Міхася Скоблу, які робіць спраўныя перадачы на радыё “Свабода”?

Сыс згуляўся, ён неверагодна хутка састарэў і памёр… Але ўсе памятаюць і чытаюць, і перачытваюць Анатоля Сыса… Анатоль Сыс… Чаму ніхто не памятае пра Міхася Скоблу, які выдаў пасмяротны збор твораў Анатоля?

Сцяпан займаецца ўсім, чым толькі можа займацца творчы чалавек, ён майстрачыць сцэнары для новых рускіх серыялаў, ён малюе заваконныя краявіды, ён разменьваецца на інтэрнэтную драбязу… Уладзімір Сцяпан… Чаму ў Сцяпана тысяча фрэндоў з усяго свету, а ў Міхася Скоблы, які выдае паэтычныя зборнікі, фрэндоў няма?

Федарэнка перманентна кідае і зноўку пачынае піць, піша ўтрая меней, чым мог бы, займаецца нейкімі фільмікамі, сядзіць сумны за рэдакцыйным сталом, які яму абрыд, сядзіць і злуецца на ўвесь чалавечы свет, праз злосць і хварэе… Андрэй Федарэнка… Чаму ўсе любяць Андрэя Федарэнку з даўжэзнай гісторыяй ягонай хваробы? Чаму так не любяць Міхася Скоблу, які апякуецца творчай спадчынай паэткі Ларысы Геніюш?

Несправядліва атрымліваецца. За лёс Адамовіча і Дубаўца, за лёс Сцяпана і Федарэнкі людзі перажываюць, яны перажываюць нават за Сыса, якога даўно няма сярод жывых, а за Скоблу ніхто не перажывае. Можа я не ведаю тых, хто перажывае за Міхася Скоблу? Тады чаму я ведаю так шмат людзей, хто цікавіцца лёсам усіх астатніх названых літаратараў? Загадка, якую я так і не разгадаў, нават напісаўшы гэты допіс, бо гэта загадка любові, і яна не разгадваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?