Найлепшыя шматсерыйныя стужкі, якія можна ўбачыць у першы месяц года. У нашым спісе будуць як прэм’еры, так і серыялы, якія вяртаюцца ў эфір пасля перапынку.

«Новы папа» (The New Pope)

Драма. Італія, Іспанія, Францыя, 2-і сезон

Серыял Паола Сарэнціна «Малады папа» стаў сапраўднай бомбай у 2016 годзе. Канклаў кардыналаў нечакана абірае папам рымскім маладога амерыканскага кардынала Лені Беларда (Джуд Лоу). Яго разглядаюць як альтэрнатыву між лібераламі і кансерватарамі. Але Пій XIII перастае гуляць па правілах іншых, ён пачынае сваю гульню, якая можа прывесці ці да поўнага краху Каталіцкай царквы, ці да яе абсалютнага ўзвышэння.

Папа курыць у Ватыкане, прыручае кенгуру, п’е «Кока-колу», шантажуе італьянскага прэм’ер-міністра, не ведае, пра што размаўляць з праваслаўным мітрапалітам, адштурхоўвае ад сябе вернікаў, яго даймаюць дэманы дзяцінства. Але чым больш пра яго даведваюцца людзі, тым больш яны разумеюць, што Папа — святы. Вось толькі пытанне, ці верыць Пій XIII у Бога? У канцы першага сезона Лені трапляе ў кому.

Канклаву не застаецца нічога іншага, як абраць новага папу. Ім становіцца брытанскі кардынал, які абірае імя Яна Паўла ІІІ. «Я безадказны, я лянівы, я пампезны, я славалюбівы», — кажа Ян Павел ІІІ у адным з цізераў серыяла. Ён ужо гатовы стаць пантыфікам, як з комы выходзіць Беларда. Паміж папамі разгортваецца барацьба за ўладу.

«Доктар Хто» (Doctor Who)

Навуковая фантастыка. Вялікабрытанія, 12-ы сезон

Гэта самы працяглы ў свеце навукова-фантастычны тэлесерыял. Яго пачатак бярэцца аж у 1963 годзе. Дзівосны прыклад глядацкага поспеху і прызнання. І хоць серыял закрылі напрыканцы 80-х, ён зноў вярнуўся на экраны ў 2005-м.

У цэнтры серыяла яркі іншапланецянін, які называе сябе «Доктарам». Ён падарожнічае ў прасторы і часе. Гэтыя вандроўкі адбываюцца ў машыне часу пад назвай ТАРДІС, калісьці яна магла мімікраваць пад што заўгодна, але пасля адной паломкі цяпер яна выглядае заўсёды, як англійская паліцэйская будка ўзору 1963 года.

Доктар мае магчымасць мяняць сваё аблічча, што прывяло да таго, што галоўную ролю выконвала ўжо трынаццаць чалавек. Вандруючы па галактыцы, Доктар трапляе ў самыя розныя прыгоды, але выблытваецца дзякуючы сваім унікальным уменнем і ведам. Разам з гэтым ён паспявае змагацца з несправядлівасцю, што адбываецца ў самых розных кропках свету і часу.

«Дракула» (Dracula)

Жахі. Вялікабрытанія, 1-ы сезон

Мабыць, для найлепшага пачатку варта сказаць, што аўтарамі «Дракулы» ад Бі-бі-сі сталі стваральнікі культавага брытанскага серыялу «Шэрлак» Марк Гэціс і Стывен Мофат. Сцэнарысты ўжо неаднаразова прызнаваліся, што маюць слабасць да класічных кніг жахаў. У выніку атрымаем славутыя тры серыі па паўтары гадзіны кожная.

Сучасны «Дракула» — гэта творчае пераасэнсаванне вядомай кнігі Брэма Стокера, пасля якой румынскі вампір і стаў звышпапулярным у свеце.

1897 год, англійскі юрыст Джонатан Харкер прыязджае ў Трансільванію, каб сустрэцца з новым кліентам. Зразумела, што кліентам аказваецца харызматычны граф-вампір. Дракула ставіць за мэту захапіць стары-добры Лондан віктарыянскай эпохі. Ці атрымаецца? Першыя серыі ўжо даступныя для прагляду.

«Пятая авеню» (Avenue 5)

Навуковая фантастыка. ЗША, 1-ы сезон

Памятаеце фільм «Смерць Сталіна»? Яго яшчэ забаранілі ў Расіі, а Лукашэнка пасля прагляду стужкі не стаў рабіць гэтага ў Беларусі. Рэжысёрам фільма быў шатландскі сатырык Арманда Іаннучы. Цяпер ён прадстаўляе свой новы серыял. Дадатковага вартасці «Пятай авеню» дадае той факт, што галоўную ролю ў серыяле сыграе славуты Х’ю Лоры (той самы Доктар Хаўз).

Пра што «Пятая авеню»? Дзеянне адбываецца ў будучыні, калі касмічныя караблі ўжо ўпэўнена барозняць прасторы Галактыкі. Турыстам ужо нецікава падарожнічаць у Італію ці Францыю, ім падавай прасторы бясконцага космасу. Адным з такіх турыстычных караблёў кіруе капітан Раян Кларк (Х’ю Лоры), аднак, калі карабель нечакана ламаецца, то становіцца зразумелым, што да гэтага не гатовыя ні персанал, ні пасажыры.

«Чужынец» (The Outsider)

Дэтэктыў, трылер. ЗША, 1-ы сезон

У адным з папярэдніх аглядаў мы ўжо раілі для прагляду серыял паводле кнігі Стывена Кінга («Містэр Мерседэс»). Цяпер маем новую экранізацыю. На гэты раз зноў перад намі не класічны фільм жахаў, а дэтэктыў, хоць і з элементамі містыкі.

У маленькім гарадку ў штаце Аклахома адбываецца зверскае забойства падлетка. За справу бярэцца дэтэктыў Ральф Андэрсан. Ён хутка выходзіць на след трэнера бейсбольнай каманды, усеагульнага любімца Тэры Мэйтлэнда. Людзі не вераць, што гэта ён, але ўлікі бязлітасныя. Зрэшты, праз нейкі час становіцца зразумела, што ў гэты момант Тэры быў за 90 кіламетраў ад месца злачынства, але што там робяць ягоныя адбіткі пальцаў? Хто ж адказны за забойства?

Глядзі таксама: 

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у снежні

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у лістападзе

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у кастрычніку

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?