Пракуратура Салігорскага раёна праводзіць праверку па факце самагубства Яны Паляковай. Пра яе вынікі будуць праінфармаваныя сваякі, паведаміў БелаПАН раённы пракурор Віктар Бельчын. Тэрмін завяршэння праверкі не вызначаны.

36‑гадовая праваабаронца Яна Палякова пакончыла жыццё самагубствам ноччу 7 сакавіка ў сваёй кватэры ў Салігорску.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак, 3 сакавіка суд Салігорскага раёна прызнаў Палякову вінаватай па артыкуле 400 частка 2 Крымінальнага кодэкса (заведама лжывы данос). Яе, у прыватнасці, абвінавацілі ў ілжывым даносе на супрацоўніка міліцыі і прыгаварылі да двух з паловай гадоў абмежавання волі. Апрача таго, па рашэнні суда яна павінна была выплаціць супрацоўніку міліцыі 1 млн. рублёў у якасці кампенсавання за маральную шкоду. Яна Палякова лічыла сябе невінаватай, сцвярджала, што ўчастковы міліцыянер збіў яе.

Пахаванне Я.Паляковай адбудзецца ў Салігорску 9 сакавіка.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0