З дыпляматычных крыніц у Варшаве польскім СМІ стала вядома, што цярпеньне Польшчы скончылася і яна паставіла Мінску ультыматум: або беларускія ўлады перастаюць шпыняць палякаў у Беларусі, або Лукашэнка не атрымае запрашэньня на еўрапейскую сустрэчу ў вярхах у Празе.

Зьмест ультыматуму польскага МЗС да беларускага кіраўніцтва будзе абмяркоўвацца сёньня ў Брусэлі і Празе, піша polskaweb.eu.

У патрабаваньнях Варшавы гаворыцца, што «прэзыдэнт Беларусі

Аляксандар Лукашэнка ня можа быць запрошаны на саміт ЭЗ у Прагу, калі ня будуць забясьпечаныя правы польскай меншасьці ў гэтай краіне».
Размова ідзе пра апошнія правакацыі супраць лідэра непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс, перашкоды на шляху правядзеньня ў сярэдзіне сакавіка зьезду гэтай арганізацыі і кантактаў сяброў CПБ з Варшавай.

Як заявіў у размове з польскім выданьнем Wprost намесьнік міністра польскага МЗС Ян Баркоўскі, далейшае стаўленьне Менску да зьезду СПБ «будзе мець уплыў і на нашу пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі на форуме Эўразьвязу».

Паводле Wprost, ультыматум быў перададзены ў Беларусь дыпляматычнымі каналамі.

Польскае выданьне таксама цытуе з гэтай нагоды словы намесьніка старшыні камітэту па замежных справах польскага сойму Робэрта Тышкевіча. Ён заявіў, што менавіта «мірнае правядзеньне зьезду СПБ ды спыненьне рэпрэсіяў супраць яго актывістаў павінна стаць адной з умоваў для далейшага дыялёгу зь Менскам».

У апошнія месяцы беларускія спэцслужбы працягвалі шпыняць Анжаліку Борыс, суды спрабавалі прызнаць выданьні палякаў «экстрэмісцкімі», у Берасці разагналі польскую школку, а карэспандэнта найбольшага польскага выданьня «Газэты выборча» пазбавілі акрэдытацыі.

За палякаў, прынамсі, ёсьць каму замовіць слова, а беларусам свае правы трэба бараніць самім.

МБ; паводле Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0