Чаму Пуціну так баліць гэты Мюнхен 1938-га і гэтая няшчасная Польшча 1939 года..?

Ён жа ўжо не першы раз уздымае тэму «польскай віны» за пачатак Другой сусветнай вайны.

Помніцца, нешта падобнае ён ужо казаў летам 2009 г.

Маўляў, аддала б Польшча гданьскі калідор Гітлеру — то і вайны ніякай не было б.

А цяпер вось прагучала і пра заграбастаную пасля Мюнхена палякамі Цешынскую вобласць і пра «антысеміцкую свінню» польскага пасла ў Берліне Ліпскага і пра змушанасць Сталіна да заключэння пакта аб ненападзе з гітлераўскай Германіяй…

Пасол Польшчы ў Германіі Юзаф Ліпскі — крайні злева (1935).

Пасол Польшчы ў Германіі Юзаф Ліпскі — крайні злева (1935).

І пра гданьскі калідор Пуцін ізноў выказаўся, толькі ўжо па-іншаму —

не Гданьск-Данцыг быў патрэбны Гітлеру, а дарога на ўсход, каб напасці на СССР.

Усё гэта ўжо даўно было, сотні разоў абмяркоўвалася гісторыкамі і журналістамі, нават нататкі Ліпскага пра тое, што Гітлеру трэба будзе паставіць помнік у Варшаве, калі ён вывязе яўрэяў на Мадагаскар, былі апублікаваныя яшчэ ў брэжнеўскія часы.

То чаму Пуцін згадвае тыя падзеі цяпер, калі, здаецца, і адносіны з Польшчай не самыя напружаныя?

Можа, самую важную ролю тут грае месца і, скажам так, аўдыторыя, якая слухала гадзінную лекцыю расійскага прэзідэнта. Пуцін як бы хацеў сказаць прэзідэнтам постсавецкіх дзяржаў — «вы ў нашай геапалітычнай прасторы, вось гэта наш, правільны погляд на тыя падзеі».

Не ведаю, канешне, наколькі гэты маналог уразіў старых і новых лідараў краін СНД, але Пуціна яўна хвалюе геапалітыка і ён пастаянна перакідвае масткі з мінулага ў сучаснасць.

У адказ па пуцінскай дактрыне ўдарылі і палякі, і амерыканцы, і іншыя заходнія краіны, салідарна падкрэсліўшы, што ў пачатку вайны вінаватыя выключна Гітлер і Сталін.

Адным словам, кожны традыцыйна застаўся пры сваім.

А вось слухаючы расійскага прэзідэнта аўтар гэтых радкоў прызадумаўся аб іншым.

Напрыклад, пра ўзаемныя адносіны братоў-славян — палякаў і чэхаў, якія ўмудрыліся ў той цяжкі час стаць амаль ворагамі і даліся немцам быць знішчанымі паасобку.

Пра тое, як хутка, амаль імгненна, разбурылася ўся сістэма «міжнародных гарантый» і «санітарных кардонаў», якімі вялікія краіны спрабавалі звязаць нованароджаныя краіны Усходняй Еўропы.

І як хутка гэтыя малыя краіны апынуліся самі па сабе, без усялякай дапамогі, узброеныя толькі тым, што мелі, і галоўным чынам узброеныя — воляй бараніцца і воляй паміраць.

Што, калі б Чэхаславакія ў 1938 годзе была поўная рашучасці бараніцца ад немцаў? Невядома, ці ўдалося б вермахту таго часу хутка перамагчы чэхаславацкае войска. Магчыма, і ўдалося б, але немцы маглі б заплаціць за гэта вялікую цану, паклаўшы на судэцкіх перавалах тысячы жаўнераў. Чэхаславакія мела ўсё неабходнае для барацьбы: жалезабетонныя ўмацаванні ў Судэтах, нядрэнную авіяцыю, аб’яднаныя ў асобныя групоўкі танкавыя злучэнні.

Нездарма потым менавіта на выдатных чэхаславацкіх танках немцы дайшлі да Масквы, а потым і да Сталінграда.

І я ўжо не кажу пра той неверагодны варыянт, калі б Польшча і Чэхаславакія былі разам, то ў ваенным канфлікце з Германіяй ім, магчыма, не спатрэбілася б і дапамога Францыі. Але ўзброенай Чэхаславакіі не хапіла волі, а Польшчы хапіла волі, але не хапіла зброі, а ўсім не хапіла здаровага сэнсу, каб быць разам.

Пуцін, відавочна, надае вялікую ўвагу гэтым пытанням волі.

Тут адыгрываюць вялікую ролю і яго чэкісцкае мінулае, і традыцыйнае савецкае ўяўленне пра слабасць заходніх палітыкаў, іх своекарыслівасць і бязвольнасць.

Менавіта гэтае «валявое ўздзеянне» і было закладзена ў план расійскіх аперацый на Данбасе і ў Крыме. У Крамлі меркавалі, што і Захад не будзе Украіне дапамагаць, і ўкраінцы не наважацца ўзяцца за зброю.

Украіна толькі тады стала суб’ектам міжнароднай палітыкі, калі пачала рашуча бараніць Данбас.

Так выглядае, што можна мець моцную, забяспечаную добрай тэхнікай і ўмацаваннямі армію і… зліцца ворагу фактычна не зрабіўшы ніводнага стрэлу.

А можна рашыцца на бой будучы не забяспечаным амаль нічым і нават не маючы на тое яснага загаду камандавання — і спыніць ворага.

Першым шляхам пайшла Чэхаславакія, другім Украіна.

Таму ні ў 2015 годзе, ні пазней новы Мюнхен у Мінску так і не адбыўся.

Пуціну гэта, відавочна, баліць, не ўпісваецца ў яго карціну свету.

Таму ён пра гэта так часта гаворыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?