Аляксандр Лукашэнка 4 студзеня прызначыў міністрам эканомікі 53-гадовага Аляксандра Чарвякова. Апошнія тры гады ён працаваў першым намеснікам міністра эканомікі.

Фота з сайта Міністэрства эканомікі.

Фота з сайта Міністэрства эканомікі.

У сухой біяграфіі Аляксандра Віктаравіча пазначана, што

нарадзіўся ён у вёсцы Бабінічы Аршанскага раёна ў 1966 годзе. Гэта дастаткова вялікі аграгарадок за дзевяць кіламетраў ад Оршы. Скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, а таксама аспірантуру пры ёй. Крыху папрацаваў інжынерам у Аршанскім раёне.

Ад 1994 да 2010 гадоў працаваў выкладчыкам у Горках. У 2010 стаў дырэктарам у Навукова-даследчым эканамічным інстытуце Міністэрства эканомікі Беларусі. У студзені 2017 стаў першым намеснікам міністра эканомікі.

«НН» змагла даведацца некаторыя цікавыя звесткі пра асабістае жыццё і сям’ю новага міністра эканомікі.

У Бабінічах усе добрым словам згадваюць Аляксандра Віктаравіча. «Ніхто пра яго не тое, што адмоўнага, але нават нейтральнага слова не скажа», — гаворыць дырэктар мясцовай школы Юрый Лук’янаў.

Бацька новага міністра памёр маладым — забіў інфаркт.

Ён працаваў кінамеханікам. І пасля калегі мужа часта прыходзілі да ўдавы Раісы Нікіфараўны, каб спытаць, якая дапамога патрэбная па гаспадарцы, што зрабіць.

Сама Раіса Нікіфараўна працавала бухгалтарам на мясцовай сельгасхіміі. Мама Чарвякова памерла летам 2018 года. Ёй было 82 гады, да апошніх дзён пражыла ў Бабінічах.

Сацыяльны педагог мясцовай школы Ганна Загорская згадвае: «У 1987 годзе трапіла па размеркаванні ў Бабінічы. Сама я з Лепельскага раёна, скончыла філфак БДУ. Жыллём нас не забяспечвалі, таму размяшчаліся па кватэрах. Так я і трапіла ў сям’ю Чарвяковых». На той момант Аляксандр быў студэнтам Горацкай акадэміі. «Прыязджаў амаль кожныя выхадныя. Адказны вельмі хлопец, дапамагаў маці па гаспадарцы, дабрадушны. Ён ніколі міма без усмешкі не пройдзе», — кажа Ганна Вячаславаўна.

Падчас вучобы Аляксандр знайшоў сабе жонку. «Яна мо і сама з Горак была, але бацькі працавалі на селекцыйна-гібрыдным цэнтры «Задняпроўскі» ў Аршанскім раёне.

Я і на вяселлі ў іх была, гулялі ў рэстаране. Добрыя адносіны ў нас былі. Калі прыязджаў дадому, то шмат гаварылі, то ён раскажа нешта пра вучобу, то я пра працу. Шмат смяяліся», — згадвае спадарыня Загорская.

Аляксандр — не адзінае дзіця ў сям’і. У яго яшчэ ёсць старэйшая сястра Ларыса. Ёй цяпер 62 гады. Ларыса таксама вучылася ў Горках. Там пабралася шлюбам з Станіславам Кошкіным. Доўгі час працавалі ў Магілёўскай вобласці, а потым вярнуліся ў Бабінічы.

Станіслаў і Ларыса Кошкіны. Фота ok.ru.

Станіслаў і Ларыса Кошкіны. Фота ok.ru.

Станіслаў стаў дырэктарам Аршанскай птушкафабрыкі, якая размяшчаецца якраз на радзіме жонкі. Цяпер спадар Кошкін старшыня раённай Аршанскай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Жыве сям’я ў Бабінічах.

Цяпер Аляксандр Чарвякоў калі і наведвае родныя мясціны, то літаральна на пару гадзін. Найперш — каб праведаць сястру. Быў ён нядаўна таксама і ў роднай школе. Юрый Лук’янаў кажа, што партрэт Чарвякова вісіць у школе сярод найлепшых выпускнікоў установы.

Жонка Аляксандра Чарвякова Святлана на сёння працуе намеснікам галоўнага інжынера па навуцы ў Праектным інстытуце Белгіпразем. У пары дзве дачкі — Яўгенія і Лізавета.

Яўгенія пайшла па бацькавай сцяжыне.

На сёння працуе ў НДЭІ Міністэрства эканомікі. Яна з’яўляецца суіскальніцай аддзела планавання і рэгулявання развіцця сельскай і лясной гаспадарак.

У інтэрнэце можна знайсці некаторыя працы Чарвяковай. Напрыклад, ёй напісаны артыкул «Канкурэнтныя пазіцыі беларускага АПК на сусветных рынках», а таксама «Прагназаванне развіцця беларускага аграпрамысловага комплексу да 2030 года на фоне глабальных агратрэндаў». Працы напісаныя разам з прафесарам Міхаілам Кавалёвым з БДУ.

У базе патэнтаў Беларусі ёсць некалькі вынаходніцтваў Яўгеніі Чарвяковай. Напрыклад, яна распрацавала прыладу для дражавання насенняў, прыладу для перадпасяўнога стымулявання насення, прыладу для падрыхтоўкі вадкіх кармоў. Некаторыя вынаходніцтвы былі запатэнтаваныя разам з бацькам.

Лізавета Чарвякова. Фота vk.com.

Лізавета Чарвякова. Фота vk.com.

Малодшая дачка Лізавета ў 2016 годзе скончыла Інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій пры БДУ. Яе дыпломнай працай было «Кадастравая ацэнка земляў горада Магілёў».

Эканаміст, дырэктар даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык адгукаецца пра Аляксандра Чарвякова як пра чалавека, які ўмее слухаць і прыслухоўвацца.

«Чалавек невыпадкова займае гэтую пасаду. І ягоная даследчая праца ў НДЭІ Міністэрства і праца першага намесніка міністра пра гэта сведчыць. Ён курыраваў рэгіянальнае развіццё. Дык вось, вельмі цяжка было запрасіць Аляксандра Віктаравіча на розныя мерапрыемствы, бо

ён увесь час быў у раз’ездах. І гэта пра многае кажа: адна справа, калі чалавек кіруе рэгіянальным развіццём з уласнага кабінета, а зусім іншая — калі ўвесь час на месцах», — кажа Чубрык.

«Нават калі погляды не вельмі супадаюць, то ён надзвычай адкрыты і гатовы выслухваць адваротныя пазіцыі. Чарвякоў з тых людзей, якія шчыра жадаюць палепшыць сітуацыю ў нашай краіне. Ён быў адным з першых, хто атрымліваў дапамогу з Беларускага інвестыцыйнага фонду», — расказаў пра новага міністра эканомікі Аляксандр Чубрык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?